У Вільні выступіў скандальны расійскі рэпер. Перад канцэртам прайшла акцыя пратэсту, не абышлося без бойкі і затрыманняў

Праз грамадскае абурэнне адна зала адмовілася даваць пляцоўку Маргенштэрну, які раней выказваў сваё захапленне Пуціным і якога ў Расіі цяпер лічаць інаагентам. Але канцэрт усё ж адбыўся.

04.03.2023 / 18:11

3 сакавіка ў віленскай Pramogu Arena адбыўся канцэрт расійскага рэпера Маргенштэрна. Ён уключаны ў спіс непажаданых асоб ва Украіне, а раней усхваляў Уладзіміра Пуціна ў шматлікіх інтэрв'ю.

Маргенштэрн. Фота: wikimedia.org.

Спачатку мерапрыемства павінна было прайсці ў іншай зале, але пад ціскам грамадскасці яго перанеслі. Раней кіраўніцтва Compensa Arena заяўляла, што расіянін «публічна выступае супраць вайны і публічна высмейвае прарасійскія песні, а таксама станоўча ўспрымаецца ўкраінскімі СМІ». 

Таксама арганізатары апраўдваліся тым, што Маргенштэрн за сваю пазіцыю наконт вайны быў унесены ў «рэестр замежных агентаў» у Расіі і афіцыйна прызнаны ворагам дзяржавы. 

У выніку канцэрт усё ж адбыўся, але на іншай арэне, а перад яго пачаткам прайшлі акцыі пратэсту. Як піша «Новая газета. Еўропа», каля арэны былі сутычкі: людзі лаяліся, паказвалі непрыстойныя жэсты, таксама дэманстравалі забаронены ў Літве сімвал расійскай агрэсіі — літару Z.

У паліцыі пасля паведамілі, што 19-гадовы маладзён пабіў двух жанчын. Яго затрымалі, а інфармацыя пра выкарыстанне забароненых сімвалаў правяраецца.

На скандал адрэагаваў міністр культуры Літвы Сімонас Кайрыс. Ён заявіў, што адказнасць за выступленне расійскага артыста ў Вільні ляжыць на арганізатарах мерапрыемства, якімі з'яўляюцца «прыватныя асобы». Ён дадаў, што не бачыць магчымасці ўключыць Маргенштэрна ў спіс непажаданых у Літве асоб.

Nashaniva.com