Дзе шукаць кажана-гіганта і рабога сусліка? Сем захапляльных фактаў пра дзікую прыроду Беларусі
Пад Нясвіжам знаходзіцца самая вялікая калонія рабых суслікаў у Еўропе, а на палескіх балотах жыве кажан-гігант. Пра цікавыя факты аб беларускай прыродзе піша канал «Дзікая прырода побач».
03.03.2023 / 21:00
Скрыншот відэа «Беларусь 1»
1. Палессе — самы вялікі рэгіён Еўропы з амаль некранутымі водна-балотнымі ўгоддзямі. Яго называюць еўрапейскай Амазоніяй. Беларускае Палессе займае амаль траціну плошчы краіны.
2. У Беларусі былі адкрыты новыя для навукі расліны: казлабарод беларускі і шальнік ранні. Яны сфарміраваліся ва ўнікальных прыродных умовах Палесся, якія мала змяніліся за апошнія тысячагоддзі.
3. Прыпяцкія дубровы — найбольш захаваныя ў натуральным стане паплаўныя лясы ва ўсёй Еўропе. Вясной, калі паводкі, можна літаральна плаваць на лодцы паміж дрэвамі.
Дзякуючы прасторы, дубы шырокія і разгалістыя, некаторыя ствалы — больш за метр у дыяметры. На гэтых дубах шмат ран і дуплаў, у якіх селяцца жывёлы, у тым ліку рэдкія пугач, сіваграк, белая сініца, соня-палчок і розныя віды кажаноў.
4. Пад Нясвіжам знаходзіцца самая вялікая калонія рабых суслікаў у Еўропе — і адна з апошніх у Беларусі. Яна ахоўваецца дзяржавай. Яе плошча складае больш за 90 га, тут пражывае больш за 5000 суслікаў!
5. У Беларусі гняздуецца другая ў свеце па памерах папуляцыя вялікіх арляцоў, якім пагражае глабальнае знікненне. Большасць іх родам з Палесся. Зараз пачынаецца іх міграцыя з месцаў зімоўкі.
6. У нашай краіне гняздуецца самая вялікая ў свеце папуляцыя вяртлявай чаротаўкі. Гэта самая рэдкая пеўчая птушка кантынентальнай Еўропы.
Частку птушак перасялілі з рэспубліканскага заказніка «Званец» у літоўскі рэзерват «Жувінтас», дзе яны амаль зніклі. Гэта быў першы ў свеце паспяховы эксперымент з транслакацыяй вераб’іных птушак — дальніх мігрантаў.
Палескі заказнік «Званец» — гэта найвялікшае ў Еўропе асаковае балота і найбуйнейшае ў свеце месца гнездавання вяртлявай чаротаўкі: тут гняздуецца 27% глабальнай колькасці віду.
7. На палескіх балотах жыве самы рэдкі і самы вялікі кажан Еўропы — гіганцкая вячэрніца. Яна важыць 80 грам і можа паляваць нават на дробных птушак!
Гэты від пераадкрыў для Беларусі ў 2015 годзе заолаг Валер Дамброўскі ў палескім заказніку «Стары Жадзен», які разам з заказнікам «Альманскія балоты» ўтварае адзін з найвялікшых у Еўропе леса-балотных комплексаў.
Дагэтуль у краіне гэты від назіралі толькі аднойчы ў 1930 годзе. Найбліжэйшыя месцы, дзе размнажаюцца гэтыя кажаны, — Венгрыя на захадзе і Уральскія горы на ўсходзе.