«У сярэднім людзі гатовыя данаціць па 50 еўра на месяц». Беларус расказаў, як яму ўдаецца прыцягваць грошы ў праекты

Цікавасць да краўдфандынгу ў прадпрымальніка Змітра Ягорава з’явілася яшчэ ў 2016-м. Тады ён сабраў грошы для паэта Алеся Чобата, які аказаўся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Цяпер мужчына прыцягвае фінансы для розных беларускіх ініцыятыў. Ён расказаў «Нашай Ніве», як заахвочваць людзей стала данаціць на праекты і колькі грошай у яго атрымліваецца збіраць.

06.03.2023 / 09:27

Фота: сацсеткі

Зміцер згадвае свой першы досвед — дапамогу паэту Алесю Чобату. Тады 500 даляраў удалося сабраць за паўтары дні.

«Мяне ўразіла, што атрымалася, — дзеліцца ён. — Цяпер супрацоўнічаю з Беларускім расследавальніцкім цэнтрам: запусцілі сваю кампанію па зборы сродкаў на «Патрыёне» і аднаразовыя плацяжы праз крыптавалюту. Таксама вельмі паспяховы праект з аднаўленнем выдавецтва «Кнігаўка» Андрэя Янушкевіча, які пераехаў у Польшчу. Яму таксама патрэбныя былі сродкі, якія б дазволілі стабілізаваць фінансавае становішча». 

Нядаўна Зміцер дапамог запусціць збор сродкаў для курсаў «МоваНанова» у Варшаве. Ім было патрэбна каля 350 даляраў. 

«Літаральна праз тыдзень запуск яшчэ аднаго праекта, пакуль не буду ў дэталях расказваць пра яго, але звязаны з добраахвотнікамі, якія змагаюцца за Украіну», — кажа ён.

Далучацца да ўжо існуючых вялікіх ініцыятыў па зборы сродкаў Зміцер не стаў. 

«Мяне ніхто не клікаў, але і я не прасіўся, — тлумачыць ён. —

Улетку мінулага года запускаў свой уласны бот: ён дапамагае беларусам, якія пераехалі ў Польшчу, разабрацца з мясцовымі фармальнасцямі. Гэта бясплатная дапамога, але ў нейкі момант аказалася, што мне трэба аплачваць сэрвіс бота, каб ён існаваў. Вельмі шмат людзей стала дасылаць мне на яго грошы. Тады ўсё і закруцілася». 

Пасля паспяховага збору Зміцер стаў кансультаваць іншых. Цяпер ён гэтым займаецца прафесійна, але толькі з тымі ініцыятывамі, якія яму асабіста блізкія па каштоўнасцях. 

У студзені мужчына сабраў для розных праектаў каля 30 тысяч злотых (6 815 даляраў), у лютым — 28 тысяч (6 360 даляраў). 

Зміцер адзначае, што важная не сума, а рэгулярнасць данатаў. 

«Ініцыятывы могуць будаваць планы на будучыню, калі ведаюць, што кожны месяц у іх ёсць сродкі. Я хацеў бы асабіста падзякаваць усім людзям, хто данаціць на беларускія справы. 

Цяпер мы даследуем аўдыторыю, патронаў Беларускага расследавальніцкага цэнтра. Праводзім інтэрв’ю з імі, пытаемся, чаму яны падтрымліваюць данатам, якія іх каштоўнасці, матывацыя. У сярэднім людзі гатовыя данаціць па 50 еўра на месяц на некалькі ініцыятыў», — расказвае ён.

З досведу мужчыны вынікае, што для таго, каб заахвочваць людзей рабіць данаты, важна абраць такую персону для кампаніі, якой беларусы будуць давяраць. 

«Так было з маім беларуска-польскім ботам, мне давяраюць — кажа Зміцер. —

Таксама важна ясная і зразумелая мэта збору сродкаў, і як па мне, гэтая мэта павінна быць місійнай, сама ідэя павінна быць запатрабаванай.

Увогуле, я падтрымліваю прапанову, каб беларусы самі фінансавалі дэмакратычныя сілы. Толькі трэба разумець, на што пойдуць гэтыя грошы. Я ведаю, што гучыць нецікава, напрыклад, «нам трэба грошы на бухгалтара». На такое не хочуць данаціць, усе хочуць скідвацца, напрыклад, на пратэз для сабакі, каб ён зноў мог бегаць. 

Было б крута, калі б беларусы так скідваліся на той жа «ўрад у выгнанні». Асабліва, калі кожны будзе бачыць ад гэтага профіты, тады стане далучацца ўсё больш і больш людзей. 

Справаздачнасці па маім боце няма, усё трымаецца на маім чэсным слове. А вось праекты, якім я дапамагаю, самі вырашаюць, як ім справаздачыцца. Я лічу, што кожны патрон мае права звярнуцца ў ініцыятыву з пытаннем, куды пайшлі гэтыя грошы, і атрымаць адказ. Але не думаю, што, напрыклад, «МоваНанова», якая сабрала 350 даляраў, мусіць выставіць табліцу, куды былі патрачаныя грошы».

Напрыклад, на «ўрад у выгнанні», дэмакратычныя сілы Зміцер асабіста гатовы данаціць. Але мужчына мяркуе, што павінна існаваць камісія з некалькіх асобаў, якая б кантралявала, куды выдадкоўваюцца грошы.

У цэлым Зміцер марыць сабраць 100 тысяч злотых (22 717 даляраў) за месяц на тыя ці іншыя ініцыятывы. 

«Але трэба ўлічваць, што мае магчымасці абмежаваныя. Я пакуль адзін, нядаўна толькі далучылася да мяне калега. Спадзяваюся, што цяпер зможам рабіць больш», — падсумоўвае ён. 

Чытайце таксама: 

Як за 10 гадоў змяніліся заробкі ў Беларусі, Польшчы і Літве. Лічбы суседзяў уражваюць

Ціханоўская: Фонд рэабілітацыі беларускіх вязняў мусіць працаваць на міжнародным узроўні

На Валадарку перавялі жыхара Бабруйска, якога абвінавачваюць у «фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці»

Nashaniva.com