ISW: Лукашэнка падпісаў дамовы з Кітаем, каб аслабіць інтэграцыйны ціск Расіі і дапамагчы ёй абысці санкцыі
Аляксандр Лукашэнка і кіраўнік КНР Сі Цзіньпін падпісалі 1 сакавіка пакет з 16 дакументаў, якія могуць садзейнічаць ухіленню Расіі ад санкцый шляхам накіравання кітайскай дапамогі Расіі праз Беларусь, лічаць аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).
02.03.2023 / 10:03
Сярод дакументаў — стратэгія сумеснага беларуска-кітайскага прамысловага развіцця, дакумент аб беларуска-кітайскім навукова-тэхнічным супрацоўніцтве на 2023-2024 гады, мемарандум аб узаемаразуменні па сумесных праектах з выкарыстаннем дзяржаўных пазык Кітая.
Лукашэнка заявіў, што Беларусь зацікаўленая ў паглыбленні супрацоўніцтва з Кітаем у галіне тэхналагічнага развіцця, уключаючы стварэнне сумесных прадпрыемстваў, мадэрнізацыю беларускіх прадпрыемстваў з выкарыстаннем сучасных кітайскіх тэхналогій, гандаль таварамі і паслугамі.
Аналітыкі ISW мяркуюць, што дамовы могуць быць выкарыстаныя для абыходу антырасійскіх санкцый.
Акрамя таго, аналітыкі лічаць, што праз Кітай Лукашэнка мае намер застрахавацца ад інтэграцыйнага ціску з боку Расіі, хоць, паводле іх, гэтыя меры толькі адтэрмінуюць кампанію Расіі па забеспячэнні поўнага эканамічнага кантролю над Беларуссю.