Тры метады перамагчы інфармацыйную перагрузку ў свеце, поўным рэкламы і шкоднай інфармацыі
Мы жывём у бесперапынным патоку інфармацыі — часам нізкаякаснай, ілжывай і маніпулятыўнай. Як перамагчы інфармацыйную перагрузку ў свеце, поўным рэкламы і шкоднай інфармацыі? Псіхолагі называюць тры метады: самападштурхоўванне, чытанне з рэкамендацыямі і стратэгія «не кармі троляў». Вось што яны значаць.
05.03.2023 / 21:12
Выява: pixabay
Мы жывём у цудоўны час, калі літаральна пра што заўгодна на свеце — ад найлепшага рэцэпту яйка-пашот да тлумачэння ўзнікнення Сусвету 13,81 млрд гадоў таму — можна дазнацца за некалькі рухаў пальцам. Бязмежная колькасць высакаякаснай інфармацыі даступная для нас 24 гадзіны 7 дзён на тыдзень, але існуе яна побач з бесперапынным патокам нізкаякаснай, ілжывай і маніпулятыўнай інфармацыі.
Дзіва што ўвесь гэты інфармацыйны лішак павінен адбівацца на нашай так званай калектыўнай увазе. Аналіз хэштэгаў Twitter, запытаў Google або каментарыяў Reddit у 2019 годзе паказаў, што за апошняе дзесяцігоддзе хуткасць росту і падзення папулярнасці тых ці іншых прадметаў паскорылася. Напрыклад, у 2013 годзе хэштэг у Twitter у сярэднім быў папулярны 17,5 гадзіны, а ў 2016 годзе яго папулярнасць згасала ўжо праз 11,9 гадзіны. Атрымліваецца нешта кшталту замкнёнага кола, калі большая канкурэнцыя прыводзіць да скарачэння інтэрвалаў калектыўнай увагі, што ў сваю чаргу прыводзіць да ўсё больш жорсткай канкурэнцыі за ўвагу спажыўцоў.
Каб аднавіць кантроль, патрэбныя кагнітыўныя стратэгіі, якія дапамогуць нам вярнуць хаця б частку інфармацыйнай аўтаноміі і засцерагуць нас ад празмернасцей і пастак.
Кагнітыўнай стратэгіяй умоўнага падручніка з’яўляецца крытычнае мысленне — інтэлектуальна дысцыплінаваны, самакіраваны і складаны працэс, які дапамагае вызначаць, ці з’яўляецца атрыманая інфармацыя сапраўднай. У школе вучні павінны вучыцца ўважліва чытаць і аналізаваць інфармацыю, каб потым умець ацэньваць і ўзважваць разнастайныя сцверджанні і аргументы.
Але ў свеце інфармацыйнай празмернасці і пастаяннага падсілкоўвання крыніц дэзынфармацыі аднаго крытычнага мыслення, атрымліваецца, недастаткова. Па-першае, большая частка інфармацыі паступае з неправераных крыніц, і крытычнае асэнсаванне ўсяго аб’ёму даных, з якімі мы сутыкаемся, цалкам паралізавала б нас, таму што ў нас ніколі не было б часу прачытаць усё.
Па-другое, укладванне крытычнага мыслення ў крыніцы, якія трэба было б праігнараваць у першую чаргу, азначае, што азаронкі і іншыя зламыснікі атрымалі тое, што хацелі — нашу ўвагу.
Дык якія ж інструменты мы маем у нашым распараджэнні, акрамя крытычнага мыслення? На дапамогу можа прыйсці крытычнае ігнараванне — здольнасць выбіраць, што ігнараваць і куды накіраваць свае абмежаваныя магчымасці ўвагі. Крытычнае ігнараванне — гэта больш, чым проста не звяртанне ўвагі. Гэта практыка ўважлівых і здаровых звычак ва ўмовах празмернасці інфармацыі.
The Conversation прапануе тры асноўныя інструменты крытычнага ігнаравання:
- самападштурхоўванне;
- бакавое чытанне;
- стратэгія «не кармі троляў».
Кожны з інструментаў адказвае за абарону ад розных відаў няякаснай інфармацыі.
Пад самападштурхоўваннем маецца на ўвазе стварэнне вакол сябе здаровага інфармацыйнага асяроддзя — напрыклад, шляхам выдалення апавяшчэнняў, якія адцягваюць увагу. Вы можаце вызначыць пэўны час, у які можна атрымліваць паведамленні, абмяжоўваючы такім чынам канкрэтны прамежак часу для канцэнтраванай працы або анлайн-зносін.
Чытанне з рэкамендацыямі — гэта стратэгія, мэтай якой з’яўляецца праверка крыніцы інфармацыі. То-бок спачатку трэба вызначыць і вырашыць, ці вартая канкрэтная крыніца даверу. Гэта ўключае ў сябе пошук інфармацыі пра арганізацыю або асобу, якая стаіць за сайтам, перш чым пагрузіцца ў яго змест. Такім чынам, першы крок тут — праігнараваць прывабнасць нейкага сайта і праверыць, што іншыя кажуць пра яго нібыта фактычныя паведамленні.
Як паказвае практыка, гэта не так проста. Даследаванні паказваюць, што, вырашаючы, ці варта давяраць крыніцы, людзі робяць тое, чаму іх навучылі ў школьныя гады: яны ўважліва чытаюць змест. Чаму вельмі радуюцца прапагандысты, рэкламшчыкі і інтэрнэт-вар'яты.
У інтэрнэце знешні выгляд можа быць падманлівым. Калі ў чалавека няма шырокіх ведаў, часта бывае няпроста зразумець, што напоўнены атрыбутамі сур'ёзных даследаванняў сайт насамрэч распаўсюджвае хлусню пра змяненне клімату або прышчэпкі з чыпамі ад кавіду, або адмаўляе Халакост і вінаваціць ва ўсіх бедах чалавецтва выдуманы «сусветны ўрад». Таму даведайцеся, каму належыць той ці іншы сайт і кім фінансуецца.
Стратэгія «не кармі троляў» накіраваная на інтэрнэт-троляў і іншых злосных карыстальнікаў, якія займаюцца анлайн-цкаваннем, здзекамі або выкарыстоўваюць іншыя асацыяльныя тактыкі. Тролі кормяцца ўвагай, таму адна з асноўных стратэгій, якую выкарыстоўваюць прыхільнікі адмаўлення навукі і дэзынфарматары, — гэта прыцягненне ўвагі шляхам стварэння бачнасці дэбатаў там, дзе іх няма.
Таму ўступленне ў дыскусіі і адказы тролям выглядаюць бессэнсоўным марнаваннем часу: супраціўляйцеся такім дыскусіям або помсце падобным людзям. Гэта павінна быць дапоўнена блакаваннем троляў і скаргамі на іх у тэхпадтрымку той ці іншай інтэрнэт-платформы, а таксама празрыстай палітыкай мадэрацыі змесціва канкрэтнага сайта ці сацыяльнай сеткі.
Гэтыя тры стратэгіі не з'яўляюцца наборам элітных навыкаў. Імі можа карыстацца кожны, але адукацыйныя намаганні маюць вырашальнае значэнне для давядзення гэтых інструментаў да грамадскасці.