«Стаяць у авангардзе». «Белая Русь» апублікавала праграму сваёй будучай партыі
У прэамбуле праграмы «Белай Русі», выстаўленай для абмеркавання, гаворыцца, што ў краіне «створаныя ўмовы для дыялогу з грамадствам», а УНС сведчыць пра «гатоўнасць дзяржавы ісці па шляху ўмацавання прадуктыўнага ўзаемадзеяння».
28.02.2023 / 15:13
«Белая Русь» спадзяваецца, што іх партыя «будзе стаяць у авангардзе гэтай працы».
Мэта партыі — умацаваць незалежную, квітнеючую Беларусь і пабудаваць сацыяльна справядлівае грамадства, аб'яднаць грамадзян на падставе нацыянальных інтарэсаў і духоўна-маральных каштоўнасцяў. Будучыню яны бачаць у эвалюцыйным развіцці.
У цэлым праграма даволі шаблонная — за моцную эканоміку (і павышэнне ролі дзяржавы ў кіраванні грамадскімі працэсамі ў «найбольш адчувальных сектарах эканомікі»), падтрымку беларускіх вытворцаў, дэбюракратызацыю, барацьбу з карупцыяй, дабрабыт грамадзян, культуру і памяць.
Партыя таксама выступае за стварэнне рэгіянальных цэнтраў патрыятычнага выхавання, актыўную барацьбу супраць бездухоўнасці і культу ўседазволенасці.
У знешняй палітыцы прыярытэты «Белай Русі» — партнёрства ў рамках Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС і АДКБ.