Перапісванне гісторыі: у касцёле ў Солах замалявалі роспіс з «Цудам на Вісле»
У касцёле Маці Божай Ружанцовай у мястэчку Солы замалявалі роспіс, на якім была прадстаўленая Варшаўская бітва 1920 года. Фатаграфіі, як замалёўваюць фрэску апублікаваў у фэйсбуку адзін з мясцовых католікаў, паведамляе «Мост».
28.02.2023 / 14:45
Пра што расказвае фрэска
Гэты роспіс адлюстроўвае адну з самых драматычных падзей у гісторыі Цэнтральна-Усходняй Еўропы ў ХХ стагоддзі. Пасля прарыву фронту і хуткага наступлення ў ліпені-жніўні 1920 года бальшавіцкія войскі апынуліся за пару дзясяткаў кіламетраў ад Варшавы. Падобна як і ў выпадку бітвы за Кіеў у 2022 годзе, існавала сур’ёзная пагроза захопу сталіцы, а грамадства мабілізавалася на абарону незалежнасці.
Пераломны момант у бітве адбыўся адразу пасля свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якое католікі святкуюць 15 жніўня, і калі ўсе польскія вернікі на заклік біскупаў маліліся за выратаванне Айчыны. За тымі падзеямі, якія сталі пачаткам паражэння бальшавікоў, замацавалася назва «Цуду над Віслай», а вернікі бачылі ў гэтым праяву божай апекі.
Касцёл у Солах і аўтар роспісу
Касцёл Маці Божай Ружанцовай у Солах быў збудаваны ў 1934 годзе, калі гістарычная Віленшчына была ў складзе Польскай Рэспублікі, а падзеі 1920 года былі свежыя ў памяці грамадства. Падчас аздаблення святыні злева ад алтара быў створаны вялікі сценны роспіс, які прадстаўляе сцэну Варшаўскай бітвы.
Сярод жаўнераў паказаны святар з крыжам — гэта вайсковы капелан кс. Ігнацы Скарупка, які загінуў 14 жніўня 1920 года на полі бітвы каля вёскі Асовы побач з горадам Валомін. Польскі генеральны штаб распаўсюдзіў інфармацыю, што святар загінуў, ведучы за сабой жаўнераў у атаку. Аднак існуюць больш праўдападобныя сведчанні, што ён загінуў, спавядаючы параненага жаўнера. На небе над полем бітвы выяўленая Маці Божая.
Аўтарства гэтага роспісу дакладна не ўстаноўленае. Некаторыя прыпісваюць яго класіку беларускага мастацтва Пятру Сергіевічу.
У часы камуністычнага рэжыму роспіс быў замаляваны, каб не правакаваць камуністаў на рэпрэсіі супраць каталіцкай супольнасці. Пасля распаду СССР роспіс быў зноў адкрыты і каля трыццаці гадоў быў усім бачны.
Антыпольская палітыка рэжыму Лукашэнкі
Калі пасля 2020 года рэжым Лукашэнкі разгарнуў антыпольскую прапаганду, а палякаў сталі называць захопнікамі і акупантамі, лукашысты прычапіліся да сольскага касцёла. Спачатку вясной 2021 года прымусілі зняць шыльду ў памяць пра Армію Краёву, матывуючы гэта тым, што яе наяўнасць парушае першапачатковы інтэр’ер гістарычнага помніка.
А потым узяліся і за гістарычныя інтэр’еры. Газета адміністрацыі Лукашэнкі «Советская Белоруссия» прынамсі двойчы выказвалася супраць існавання роспісу з выявай Варшаўскай бітвы ў сольскім касцёле. Апошні раз пра гэта пісалі 17 студзеня 2023 года. Прапагандыст Максім Осіпаў у інтэрв’ю з лукашэнкаўскім дэпутатам Ігарам Марзалюком разгаварыўся пра «злачынную дзейнасць» каталіцкага касцёла. Спачатку суразмоўцы пагаварылі пра тое, што Папа Пій ХІІ быццам бы сімпатызаваў нацыстам, потым раскрытыкавалі цяперашняга Папу Францішка за тое, што абвінаваціў чачэнцаў і буратаў у ваенных злачынствах ва Украіне, а потым запытаўся ў Марзалюка, што той думае пра «адну з фрэсак у касцёле ў мястэчку Солы Гродзенскай вобласці, на якой выяўлена, як польскія салдаты атакуюць, у тым ліку праколваючы штыкамі, воінаў Чырвонай Арміі».
— Некаторыя прадстаўнікі духавенства і асобныя ангажаваныя актывісты не павінны блытаць божы дар з яечняй: веру Хрыстову, абрад і якія-небудзь палітычныя планы. Касцёл, як і царква, і сінагога, і мячэць, — не месца для палітычнай мабілізацыі вернікаў пад сцягамі чужароднага і варожага беларускай нацыі этнічнага нацыяналізму, — адказаў Марзалюк.
Мясцовая лукашэнкаўская адміністрацыя зразумела гэты сігнал. Праз месяц пасля выхаду таго артыкула ў «Советской Белоруссии» — роспіс замалявалі. Як пры камуністах.