Cвятар Дзмітрый Барыла памёр у 48 гадоў

28 лютага на 49-м годзе жыцця і 24-м годзе святарскага служэння памёр ксёндз канонік Дзмітрый Барыла, пробашч парафіі Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка ў мястэчку Ракаў і дэкан Валожынскага дэканата, паведамляе catholic.by.

28.02.2023 / 10:41

Дзмітрый Барыла. Фота catholic.by

Інфармацыя пра пахаванне будзе пададзеная пазней.

Нарадзіўся Дзмітрый 23 кастрычніка 1974 года ў Глыбокім, выхоўваўся ў каталіцкай сям’і, дзе было пяцёра братоў. Яго родны брат — ксёндз канонік Аляксандр Барыла, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы, дэкан Вілейскі.

Ксёндз Дзмітрый Барыла практычна ўсё сваё святарскае жыццё быў душпастырам ракаўскай парафіі.

Пешая пілігрымка з Ракава пад яго кіраўніцтвам традыцыйна першая ўваходзіла ў Будслаў на фэст у гонар Маці Божай Будслаўскай.

Ён быў спецыялістам у галіне кананічнага права, выкладаў гэтую дысцыпліну ў духоўнай семінарыі і на працягу многіх гадоў быў таксама афіцыялам Міждыяцэзіяльнага Трыбунала (касцёльнага суда) у Мінску.

Nashaniva.com