Лукашэнка ляціць у Кітай

Візіт у Кітайскую Народную Рэспубліку запланаваны з 28 лютага па 2 сакавіка, паведамляе дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА.

25.02.2023 / 09:24

Аляксандр Лукашэнка і старшыня КНР Сі Цзіньпін. Фота: president.gov.by

Паведамляецца, што ў верасні 2022 года на двухбаковай сустрэчы ў межах саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва Лукашэнка і Сі Цзіньпін прынялі сумесную дэкларацыю аб вывадзе адносін на ўзровень усебаковага стратэгічнага партнёрства.

У паведамленні гаворыцца, што аналіз дасягнутага і патэнцыял для развіцця адносін краін стануць прадметам разгляду ў час афіцыйнага візіту. Аляксандр Лукашэнка і старшыня КНР Сі Цзіньпін правядуць перамовы ў вузкім і пашыраным складах. У цэнтры ўвагі будуць пытанні развіцця гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага і гуманітарнага супрацоўніцтва, рэалізацыя сумесных маштабных праектаў.

Адзначаецца, што будуць закранутыя ў тым ліку пытанні «ўзаемадзеяння ў палітычнай сферы і рэагавання на найбольш вострыя выклікі ў сучаснай міжнароднай абстаноўцы».

Чакаецца, што па выніках перамоў будзе падпісаны вялікі пакет дакументаў па развіцці адносін у ключавых сферах.

Плануецца, што ў Пекіне Лукашэнка таксама правядзе шэраг сустрэч з вышэйшымі службовымі асобамі КНР і кіраўніцтвам вядучых кітайскіх карпарацый.

Nashaniva.com