«Я даў яму паслухаць перахоп размоў расійскіх вайскоўцаў. Ён збялеў, потым стаў чырвоным». Кіраўнік украінскіх памежнікаў распавёў пра апошнюю сустрэчу з Лапо
Кіраўнік памежнай службы Украіны Сяргей Дайнэка ў інтэрв'ю «Украінскай праўдзе» расказаў, ці чакалі яны наступ з тэрыторыі Беларусі, і згадаў апошнюю сустрэчу з Лапо.
25.02.2023 / 14:22
Фота: «Украінская праўда»
Кіраўнік памежнай службы кажа, што яны разумелі, што ўварванне будзе і з тэрыторыі Беларусі, па чарнобыльскім кірунку.
«З тэрыторыі Беларусі яны маглі ўвайсці не як расійскае войска, а з шаўронамі Беларусі, у беларускай форме».
21 лютага Дайнэка пісьмова праінфармаваў усе вышэйшыя органы аб тым, што вайна будзе. Ён мяркуе, што дата ўварвання пераносілася, бо вораг чакаў.
«Вайскоўцы расійскіх войскаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі «на вучэннях» так званых, пачалі тэлефанаваць сваім родным і фактычна развітвацца з імі яшчэ з 12 лютага.
Мы перахоплівалі гэтыя размовы, і па іх змесце, і па характары было дакладна зразумела, што да ўварвання заставаліся лічаныя дні».
19 лютага ён сустракаўся са старшынёй Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Анатолем Лапо.
«Я давёў яму нашу інфармацыю, папрасіў перадаць яе саманазванаму прэзідэнту Лукашэнку, тым больш, што той таксама з'яўляецца памежнікам. Лукашэнка ж праходзіў тэрміновую службу ў пагранічных войсках КДБ СССР. Таму ён павінен быў разумець, што памежнікі павінны прадухіляць парушэнне мяжы, а не арганізоўваць і садзейнічаць яму.
Мой калега запэўніў, што гэтага дакладна не можа быць. Але па яго рэакцыі я бачыў, што ён хлусіць. Гэта была апошняя сустрэча і апошняя размова з ім.
Я даў яму паслухаць сякія-такія матэрыялы, перахоп размоў расійскіх вайскоўцаў. Ён збялеў, потым стаў чырвоным, потым зялёным, абяцаў, што даложыць у гэты ж вечар Лукашэнку. Ну, а далей мы ўжо бачылі, што адбывалася».
Дайнэка адказаў, ці гатовыя яны да наступу з боку Беларусі, калі той усё ж будзе.
«Давайце шчыра: ніякія фартыфікацыйныя збудаванні не змогуць цалкам спыніць ворага. Яны змогуць прыпыніць і запаволіць тэмпы яго наступу. Вось з гэтай мэтай яны і будуюцца. Каб у той час, калі вораг падыдзе да нашых фартыфікацыйных збудаванняў і будзе вымушаны правесці адпаведную працу, мы маглі наносіць па ім удары і зрываць яго планы.
Калі ўзяць тое, што зроблена за гэты год, то мы значна лепш гатовыя да магчымага паўторнага ўварвання з тэрыторыі Беларусі, прычым у любым кірунку», — кажа ён.
Кіраўнік памежнай службы падзяліўся, што на сёння не бачыць пагрозы з боку Беларусі.
«Калі вы папросіце даць гарантыю, што гэтага не адбудзецца, то я не магу. Таму што я не разумею, што будзе праз два тыдні. <…> Але па стане на сёння няма ў іх там наяўных сіл для таго, каб паспяхова правесці наступальную аперацыю на нашу дзяржаву. Калі яны паспрабуюць з Беларусі сюды зайсці, то тут усе і застануцца, ніякіх сумневаў няма».
Дайнэка не выключае, што гэтае нарошчванне напружанасці на мяжы — манеўр для адцягнення ўвагі.