ISW папярэдзіў аб падрыхтоўцы Расіі да аперацый пад ілжывым сцягам на поўдні Беларусі
Крэмль стварае ўмовы для аперацыі пад чужым сцягам на мяжы Чарнігаўскай вобласці і ў Прыднястроўі, піша Інстытут вывучэння вайны (ISW). Аперацыя на поўначы Украіны можа пераследваць мэту ўцягнуць Беларусь у вайну або адцягнуць украінскія сілы з усходняга кірунку. Аперацыя ў Прыднястроўі можа быць накіравана на тое, каб сказіць словы Уладзіміра Зяленскага аб падрыхтоўцы расійскіх правакацый у Малдове.
24.02.2023 / 10:05
Фота: агенцтва «Ваяр»
Паведамляецца, што ў раёне мяжы з Чарнігаўскай вобласцю быў зафіксаваны рух вайсковай тэхнікі без апазнавальных знакаў, вынікае з даных украінскай разведкі. Калону суправаджалі, па яе даных, вайскоўцы, апранутыя ў форму, падобную да ўкраінскай.
Мэта аперацыі пад ілжывым сцягам у гэтым раёне можа быць у тым, каб абвінаваціць Украіну ў парушэнні тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі, вынікае з паведамлення аператыўнага камандавання «Поўнач» УСУ. Такім чынам Крэмль можа спрабаваць уцягнуць беларускае войска ў вайну з Украінай, мяркуе ISW. На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка казаў, што Беларусь уступіць у вайну толькі ў выпадку нападу з боку Украіны.
Яшчэ адна магчымая мэта такой аперацыі — аслабіць абарону Украіны на ўсходзе краіны, прымусіўшы Кіеў трымаць значную колькасць вайсковых злучэнняў на поўначы, пішуць аналітыкі. На іх думку, гэта можа быць неабходна Расіі ў рамках падрыхтоўкі контрнаступлення.
ISW удакладняе, што па-ранейшаму лічыць напад Беларусі ці Расіі на паўночныя рэгіёны Украіны малаверагодным.
Аб павелічэнні актыўнасці расійскай тэхнікі на мяжы Украіны і Беларусі, піша і праект WarMonitor.
Крэмль таксама стварае ўмовы для правядзення аперацыі пад чужым сцягам у Прыднястроўі, працягвае ISW. Міністэрства абароны Расіі ў чацвер двойчы заявіла аб падрыхтоўцы Украіны да ўварвання ў Прыднястроўе.
Верагодна, пішуць ваенныя аналітыкі, расійскае Мінабароны імкнулася сказіць папярэджанне прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага аб магчымых планах Крамля па дэстабілізацыі сітуацыі ў Малдове, зробленае ім 13 лютага.