Кітай апублікаваў сваю пазіцыю па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне

Краіна заклікала паважаць суверэнітэт усіх краін, спыніць баявыя дзеянні і аднавіць перамовы, а таксама адмовіцца ад санкцый. Вайну Кітай называе «ўкраінскім крызісам».

24.02.2023 / 08:11

Фота: AP

Кітай апублікаваў сваю пазіцыю па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу, дакумент размешчаны на сайце МЗС краіны.

У ім — 12 пунктаў:

— павага суверэнітэту ўсіх краін, захаванне міжнароднага права і Статута ААН;

— адмова ад менталітэту халоднай вайны і захаванне прынцыпу, што «бяспека адной краіны не павінна забяспечвацца за кошт іншых»;

— спыненне ваенных дзеянняў, пазбяганне эскалацыі і падтрымка руху Расіі і Украіны да дыялогу;

— аднаўленне мірных перамоў як «адзінага жыццяздольнага рашэння» канфлікту; Кітай гатовы іграць «у гэтым дачыненні канструктыўную ролю»;

— вырашэнне гуманітарнага крызісу, стварэнне гуманітарных калідораў для мірных жыхароў, павелічэнне гуманітарнай дапамогі, падтрымка ААН, як каардынатара дзейнасці ў гэтай галіне;

— абарона грамадзянскіх асоб і ваеннапалонных, у тым ліку стварэнне «спрыяльных умоў» для абменаў;

— гарантаванне бяспекі атамных электрастанцый;

— супрацьстаянне пагрозе прымянення ядзернай, хімічнай або біялагічнай зброі;

— садзейнічанне экспарту збожжа ў межах Чарнаморскай збожжавай ініцыятывы;

— спыненне аднабаковых санкцый, якія не вырашаюць бягучыя праблемы, а ствараюць новыя;

— падтрымка стабільнасці вытворчых ланцужкоў і ланцужкоў паставак, адмова ад выкарыстання сусветнай эканомікі ў палітычных мэтах;

— садзейнічанне постканфліктнаму аднаўленню; «Кітай гатовы аказаць дапамогу і адыграць канструктыўную ролю ў гэтым пачынанні».

Пры гэтым дакладных рэкамендацый, як, напрыклад, дасягнуць спынення агню няма. Усяго толькі паказваецца, што «ўсе бакі павінны падтрымаць Расію і Украіну ў працы ў адным кірунку і больш хуткім аднаўленні прамога дыялогу, каб паступова дээскалаваць сітуацыю і ў канчатковым выніку дасягнуць ўсёабдымнага спынення агню».

Nashaniva.com