Мінабароны Вялікабрытаніі: Пад Бахмутам ідуць цяжкія баі, Расія рыхтуецца да новага наступу на Вуглядар
Міністэрства абароны Вялікабрытаніі паведаміла, што расійскія сілы ў Данецкай вобласці Украіны працягваюць спробы акружыць Бахмут, а таксама рыхтуюцца да новага штурму Вуглядара. Пра гэта гаворыцца ў штодзённым аглядзе сітуацыі ва Украіне, які раніцай 23 лютага прадставіла брытанская разведка.
23.02.2023 / 13:24
Фота: Libkos / AP
У апошнія два дні, гаворыцца ў аглядзе, працягваліся цяжкія баі пад Бахмутам, дзе ва ўкраінскіх сіл застаюцца адкрытымі шляхі забеспячэння на захад, «нягледзячы на паступовае акружэнне Расіяй цягам апошніх шасці тыдняў».
Горад Вуглядар зноў падвергнуўся моцнаму абстрэлу, сказана ў паведамленні міністэрства Вялікабрытаніі. «Існуе рэальная верагоднасць, што Расія рыхтуецца да чарговага наступу ў гэтым раёне», — заявілі брытанскія вайскоўцы. Яны адзначылі, што ў канцы 2022 года і лютым 2023 года наступ расіян пад Вуглядарам праваліўся.
У Мінабароны Вялікабрытаніі лічаць, што за баявыя дзеянні ў раёне Вуглядара па-ранейшаму адказваюць войскі Усходняй ваеннай акругі, якім камандуе генерал-палкоўнік Рустам Мурадаў. На думку брытанскіх вайскоўцаў, на Мурадава аказваюць ціск, каб ён палепшыў вынікі пасля папярэдніх няўдач. «Аднак малаверагодна, што ў Мурадава ёсць ударная сіла, здольная дамагчыся прарыву», — заявілі ў Мінабароны Вялікабрытаніі.