У Вільні адкрыўся офіс Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой
Адкрыццё офіса стала магчымым пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза.
23.02.2023 / 09:14
Асацыяцыя падтрымлівае і прасоўвае бізнэс, які вядзецца сумленнымі беларусамі.
АВВА аказвае экспертныя кансультацыі, забяспечвае прававую падтрымку ў асаблівасцях вядзення бізнэсу. Займаецца лабіраваннем, адвакатаваннем, прадстаўніцтвам і абаронай правоў ды інтарэсаў беларускага бізнэсу ў існай геапалітычнай сітуацыі.
Таксама садзейнічае ў прыцягненні фінансавання для бізнэсу, стартапаў і бізнэс-ідэй (інвестыцыі, гранты, пазыкі, аблягчэнне крэдытавання шляхам стварэння механізму гарантыйнага фонду, прэміі ў конкурсах бізнэс-праектаў ды іншае).
Асацыяцыя дае магчымасць набыцця міжнародных кантактаў, пошуку партнёраў, ментараў, суінвестараў, бізнэс-праектаў і фінансавання, абмен досведам у бізнэс-супольнасці, сярод прадстаўнікоў бізнэсу, якія маюць агульныя каштоўнасці і прайшлі акрэдытацыю ў АВВА.
«Беларусы маюць вялікі прадпрымальніцкі патэнцыял. Але беларускі бізнэс праз рэжым і звязаныя з ім санкцыі мае кепскую рэпутацыю.
Таму неабходна ствараць пазітыўны імідж і прасоўваць інтарэсы законнага, легальнага і этычнага бізнэсу, які вядзецца беларускімі прадпрымальнікамі дзеля дабрабыту беларусаў і эканамічнага развіцця новай Беларусі як незалежнай дэмакратычнай краіны», — так абазначаюць місію асацыяцыі яе стваральнікі.
Прадстаўніком асацыяцыі ў Літве, Латвіі і Эстоніі стаў віцэ-прэзідэнт ABBA Сяргей Наўродскі.