Onet: Ігнараванне беларускай апазіцыі — сумная праява страхаў Зяленскага

Учора з мітынгу ў Варшаве пасля прамовы Байдэна вёў трансляцыю найбольшы польскі партал Onet.pl. Журналісты бралі каментары ў прысутных і ў нейкі момант падышлі да дзяўчыны з бел-чырвона-белым сцягам. Яе словы выклікалі абмеркаванне ў студыі.

22.02.2023 / 21:03

Уладзімір Зяленскі. Фота: AP / Efrem Lukatsky

Адзначым, што журналіст назваў сцяг бела-чырвоным. Але дзяўчына яго паправіла і распавяла:

«Добрыя ўражанні, бо была ўзгаданая рэч, якая для мяне вельмі важная. Гэта згадка пра Беларусь, якая змагаецца за дэмакратыю і свабоду. Бо, хутчэй за ўсё, у хуткім часе беларускія войскі далучацца да расійскіх. У выніку дыскрымінацыя і прэсінг людзей, якія змагаюцца за вольнасць Беларусі, будуць яшчэ больш заўважныя. Таму я прышла сюды ў ролі «хадзячага сцяга» вольнай Беларусі. Каб нагадаць, што мы ўсе разам змагаемся за свабодную Украіну і за свабодную Беларусь».

І вось пасля гэтых слоў журналіст пачаў выбачацца, што не заўважыў яшчэ аднаго, белага колеру на сцягу. Каментар беларускі выклікаў у студыі абмеркаванне месца Беларусі ў пытанні вайны ва Украіне.

Каардынатар, каментатар і рэдактар сэрвісу Onet Politico Міхал Бранятоўскі, які прысутнічаў у студыі, на словы вядучага пра тое, што вялікі неспакой украінскага боку выклікае вялікая колькасць беларускіх вайсковых падраздзяленняў на беларуска-польскай мяжы, заўважыў:

«Не настолькі вялікая колькасць войскаў на мяжы і не настолькі гэты страх вялікі. Граніцу па поўнач ад Кіева вельмі цяжка перайсці з-за балот і разліву, выкліканага падрывам плаціны. Тым не менш Украіна баіцца, што нешта можна здарыцца з боку Беларусі. Сумная праява гэтай боязі заключаецца ў тым, што ўкраінскія ўлады не хочуць сустракацца з беларускай апазіцыяй.

Зяленскі з самага пачатку вайны нават не размаўляў з Ціханоўскай. Гэта не з-за таго, што ён яе не любіць ці жадае зла беларускай апазіцыі. Ён не хоча раздражняць Лукашэнку.

Такім чынам, гэта жорсткая палітыка. Да таго ж сам прэзідэнт Украіны не згадваў Беларусь, нягледзячы на тое, што гэтая краіна — вельмі важны гулец у рэгіёне.

Калі ён столькі разоў згадваў пра дэмакратыю і свабоду, то павінен успомніць беларусаў, якія пазбаўленыя ў значнай ступені і аднаго, і другога».

Адметна, што ў трансляцыях польскіх тэлеканалаў учора перад прамовай Байдэна перыядычна ўзгадвалася, што паслухаць яго сабраліся не толькі палякі, але і ўкраінцы, а таксама шмат беларусаў.

Чытаць яшчэ:

У трансляцыі большасці ўкраінскіх каналаў не згадалі слоў Байдэна пра Беларусь

«Свабодныя людзі ніколі не пагодзяцца жыць у цемры і несвабодзе». Пра што гаварыў Байдэн у Варшаве

Nashaniva.com