Як прайсці прадвесне без апатыі?

Калі зіма заканчваецца, многія адчуваюць недахоп сіл і энергіі. Ці сапраўды нашы жыццёвыя рэсурсы вычэрпваюцца за халодныя месяцы і як дачакацца прыходу цяпла, захоўваючы бадзёрасць, Delfi расказаў сямейны доктар Медыцынскага дыягнастычнага і лячэбнага цэнтра Вілюс Раецкас.

26.02.2023 / 23:41

Доктар называе тры асноўныя фактары, якія ўплываюць на самаадчуванне і здароўе.

Паўнавартаснае і збалансаванае харчаванне. «У наш час, калі ў крамах так шмат прадуктаў з вялікай колькасцю цукру, харчавацца карысна і збалансавана — не такая простая задача, як можа падацца на першы погляд», — адзначае Вілюс Раецкас. Аднак кожны можна паклапаціцца пра тое, каб у меню заўсёды была гародніна, якая нам падабаецца, — памідоры, агуркі, салата. Гародніна можа быць свежай, варанай ці запечанай. «Дарэчы, яна мусіць займаць палову талеркі», — дадае лекар. Таксама трэба сачыць за разнастайнасцю прадуктаў і харчавацца рэгулярна.

Фізічная актыўнасць. Гэта не абавязкова павінны быць складаныя практыкаванні і інтэнсіўныя трэніроўкі да знясілення — дастаткова проста гуляць на свежым паветры не менш за паўгадзіны штодзень, асабліва ў светлы час сутак. Апошняя ўмова вельмі важная, асабліва зімой, калі большую частку дня нас атачае цемра. Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе не менш за чатыры гадзіны фізічнай актыўнасці на тыдзень.

Збалансаваны рэжым працы і адпачынку. «У сучасным свеце мы праводзім шмат часу перад экранамі, што становіцца актуальнай праблемай, калі гаварыць пра рэжым адпачынку і гігіену сну», — заўважае доктар. Каб добра выспацца, варта пазбягаць экранаў тэлефона або тэлевізара, як мінімум, за гадзіну да сну. Гэта важна не толькі з-за так званага сіняга святла, але і таму, што атрыманая інфармацыя, як станоўчая, так і адмоўная, актыўна ўзбуджае нервовую сістэму і эмоцыі. Праз гэта час глыбокага сну скарачаецца. У выніку чалавек абуджаецца раніцай без адчування таго, што ён адпачыў, і потым на працягу дня не хапае энергіі і яму цяжка засяродзіцца.

Ці трэба ў канцы зімы штучна ўзнаўляць запас вітамінаў? Доктар звяртае ўвагу толькі на два

Па словах Вілюса Раецкаса, большую частку неабходных вітамінаў і мікраэлементаў мы атрымліваем з ежы. То-бок пры паўнавартасным і збалансаваным харчаванні недахоп вітамінаў ці мінералаў не павінен узнікаць і сустракаецца вельмі рэдка (толькі калі чалавек не мае асаблівага стану здароўя — захворванняў страўніка ці стрававальнага тракту, анкалагічных захворванняў ці прыроджаных парушэнняў абмену рэчываў).

Доктар мяркуе, што выключэннямі для жыхароў нашага рэгіёна ёсць толькі два элементы: гэта вітамін D і жалеза (дэфіцыт апошняга найчасцей сустракаецца ў жанчын менструальнага ўзросту). Раецкас звяртае ўвагу, што сімптомы, выкліканыя дэфіцытам нейкага вітаміну, можна заўважыць, толькі калі яго канцэнтрацыя ў арганізме падае вельмі істотна ніжэй за норму. Дробныя змены не маюць яскравай сімптаматыкі.

«Насамрэч арганізм чалавека ўяўляе сабой даволі дасканала ўладкаваны механізм, здольны паглынаць патрэбныя яму рэчывы і выводзіць непатрэбныя. У выпадку дэфіцыту пэўнага рэчыва арганізм засвоіць яго з дадатковых харчовых дабавак і выведзе лішак непатрэбных яму рэчываў», — кажа Вілюс Раецкас.

Сачыць за збалансаваным харчаваннем трэба не толькі зімой, але і ўвесь год, мяркуе доктар, тады дэфіцыт вітамінаў і мінералаў узнікнуць не павінен.

Nashaniva.com