Грузінскае МЗС асудзіла сустрэчу Лукашэнкі і Бжаніі, але назвала Лукашэнку прэзідэнтам

Міністэрства замежных спраў Грузіі пракаментавала сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніка непрызнанай Абхазіі Аслана Бжаніі ў Мінску 21 лютага. Грузінскае МЗС прагназавана асудзіла сустрэчу і заклікала Беларусь паважаць тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Грузіі. Але легітымнасць Лукашэнкі пад сумнеў не ставіць, называючы яго прэзідэнтам.

21.02.2023 / 21:31

Міністэрства замежных спраў Грузіі. Фота: mfa.gov.ge

«Міністэрства замежных спраў Грузіі асуджае сустрэчу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з прадстаўнікамі акупацыйнага рэжыму.

Згаданае дзеянне груба парушае суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Грузіі ў граніцах міжнародна прызнаных меж і ўяўляе сабой спробу легітымізаваць расійскі акупацыйны рэжым.

Заклікаем Беларусь паважаць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Грузіі ў міжнародна прызнаных межах, спыніць дзеянні, якія супярэчаць асноватворным прынцыпам і нормам міжнароднага права», — гаворыцца ў заяве грузінскага МЗС.

Грузія дэ факта не кантралюе тэрыторыю Абхазіі амаль 30 гадоў, з 1993 года. Але паводле міжнароднага права, гэта бясспрэчна яе дзяржаўная тэрыторыя. У 2008 годзе Расія афіцыйна прызнала незалежнасць Абхазіі (разам з Паўднёвай Асеціяй), але за яе прыкладам дагэтуль пайшлі толькі некалькі краін, прытым, як правіла, вельмі геаграфічна аддаленых і малаўплывовых у свеце і рэгіёне.

Чытайце таксама:

Беларусам дазволілі даўжэй знаходзіцца ў непрызнанай Абхазіі

Аляксандр Лукашэнка прыняў прэзідэнта Абхазіі як не роўнага сабе па рангу ФОТАФАКТ

Кіраўнік непрызнанай Абхазіі прыехаў да Лукашэнкі

Nashaniva.com