У народнае апалчэнне могуць увайсці да 150 тысяч чалавек

Асноўнай задачай народнага апалчэння стане абарона сваёй мясцовасці і забеспячэнне правапарадку сумесна з міліцыяй. Пра гэта распавёў журналістам міністр абароны Віктар Хрэнін.

20.02.2023 / 14:22

Фота: БелТА

Паводле разлікаў вайскоўцаў, колькасць народнага апалчэння можа скласці 100 — 150 тысяч чалавек. Але ў Міністэрстве абароны не выключаюць, што добраахвотнікаў можа быць і больш.

«У нас дастаткова мабілізацыйнага рэсурсу, які знаходзіцца на ўліку ў нашых ваенных камісарыятах. Мы правялі праверку і бачым, што яны не ўсе будуць задзейнічаныя па мабілізацыйным плане. Гэта перш за ўсё тыя людзі, якія ўжо навучаныя і ўмеюць валодаць зброяй. Але мы не выключаем, што добраахвотнікамі могуць стаць і тыя людзі, якія не прайшлі вайсковую падрыхтоўку, у тым ліку і жанчыны», — распавёў міністр абароны.

Для добраахвотнікаў прадугледжаныя курсы падрыхтоўкі. «Мы ў кароткі прамежак часу здольныя навучыць людзей. Як пры стварэнні народнага апалчэння, так і да стварэння, у мірны час», — дадаў Віктар Хрэнін.

Nashaniva.com