98-гадовы былы прэзідэнт ЗША Джымі Картэр стаміўся лячыцца

39-ы прэзідэнт ЗША Джымі Картэр, якому цяпер 98 гадоў, адмовіўся ад далейшага лячэння пасля некалькіх шпіталізацый. Пра гэта паведаміў Цэнтр Картэра ў твітары.

19.02.2023 / 14:52

Джымі Картэр у 2015 годзе. Фота: AP Foto/Branden Camp

Былы прэзідэнт ЗША вырашыў правесці рэшту жыцця дома ў Плэйнсе (штат Джорджыя), «атрымліваючы хоспісны догляд замест дадатковага медыцынскага ўмяшання».

Сям'я Картэра заявіла, што цалкам падтрымлівае яго. Сваякі папрасілі паважаць права былога прэзідэнта на асабістае жыццё, гаворыцца ў паведамленні.

Як адзначае The New Times, раней у Картэра дыягнаставалі меланому, якая дала метастазы ў печань і мозг. Пасля курса лячэння ў канцы 2015 года былы прэзідэнт абвясціў, што перамог рак. У наступныя гады Картэр неаднаразова трапляў у бальніцу з-за пераломаў пасля падзенняў. З якімі хваробамі звязана цяперашняе рашэнне былога прэзідэнта, не паведамляецца.

Джымі Картэр быў прэзідэнтам ЗША ў 1977—1981 гадах, ён абіраўся ад Дэмакратычнай партыі. У 2002 годзе яму прысудзілі Нобелеўскую прэмію міру за міратворчую дзейнасць.

У 2019 годзе Картэр стаў самым доўгажывучым прэзідэнтам у гісторыі ЗША, перажыўшы двух сваіх паслядоўнікаў — Рональда Рэйгана і Джорджа Буша-старэйшага.

Nashaniva.com