У Варшаве пахавалі Эдуарда Лобава, які загінуў ва Украіне
На варшаўскіх могілках Вайсковыя Павонзкі 17 лютага пахавалі беларускага ваяра-добраахвотніка Эдуарда Лобава. З 2015 года Лобаў ваяваў на баку Украіны, загінуў 26 студзеня 2023 года пад Вуглядарам, нагадвае «Белсат».
18.02.2023 / 09:55
Эдуард Лобаў быў смяротна паранены аскепкам танкавага снарада, калі страляў з Javelin па расійскім танку. Да гэтага ён паспеў знішчыць з аўтамата расійскі дэсант і прыкрываў адыход свайго камандзіра. Трагедыя здарылася пад Вуглядарам Данецкай вобласці Украіны. Эдуарда Лобава не стала 26 студзеня 2023 года.
11 лютага ў Варшаве прайшла цырымонія развітання з Лобавым. Пахавальная імша адбылася ў касцёле Святога Аляксандра. Праводзіць героя ў апошні шлях прыйшлі сотні беларусаў.
«Эдуард Лобаў — ён беларус, для кагосьці сын, для кагосьці родны брат, для кагосьці крэўны. Для кагосьці той, хто належаў да таго самага народа Беларусі. А для кожнага з нас, незалежна ад нашага рэлігійнага пераканання, ён таксама ёсць братам, які аддаў жыццё за нас», — сказаў на цырымоніі развітання ксёндз Вячаслаў Барок.
Родныя загінулага беларускага добраахвотніка Эдуарда Лобава на варшаўскіх вайсковых могілках Павонзкі. Варшава, Польшча. 17 лютага 2023 года.
Ён нагадаў, што ў хрысціянстве крыж — не сімвал паражэнняў і заканчэння ўсяго, а сімвал перамогі і надзеі, і крыж на магіле мае запальваць сэрцы, каб тыя, хто жыве на свеце, кіраваліся прынцыпамі Хрыста: жыць згодна з духам праўды і справядлівасць, змагацца са злом, несправядлівасцю і беззаконнем.
Марына Лобава, маці загінулага, казала, што дагэтуль не можа паверыць у смерць сына: «Ён такі пазітыўны быў заўжды, з аптымізмам глядзеў у будучыню, планаваў сваё жыццё. Думаю, што да апошняга часу ён спадзяваўся, што будзе жыць, дачакаецца перамогі ў гэтай вайне».
Эдуард Лобаў меў добрага сябра ў Хмяльніцкім, Багдана Стасюка, якога забілі на пачатку лета мінулага года. Яго ўдава Святлана Стасюк прыехала на развітанне. Яна расказала, што Эдуард быў сябрам, які запомніўся добрасумленным, добрасардэчным, які адстойваў правы не толькі беларусаў, але і ўкраінцаў. «Хачу ад імя ўсіх украінцаў, якія штодня змагаюцца за тое, каб адчуць мірнае неба над галавою і засынаць не пад сірэны, пажадаць нарэшце пабачыць канец гэтай праклятай вайны, якая забівае не толькі воінаў, але і мірных жыхароў, усіх калечыць».
Яна падзякавала бацькам Эдуарда за тое, што рабіў іх сын. «Героі не паміраюць», — нагадала жанчына.
«Ён беларускі герой, беларускай справы, ён таксама герой Украіны, і таксама наш герой, палякаў, паколькі справа свабоды гэта наша агульная справа. Барацьба супраць расійскага імперыялізму — гэта наш гістарычны лёс і, на жаль, сённяшняя рэальнасць», — сказаў пра Эдуарда Лобава амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі.
Лідар руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазняк адзначыў, што Лобаў аддаў жыццё «за нашу і вашу вольнасць». Гэтая фраза стала дэвізам паўстанцаў Рэчы Паспалітай амаль 200 гадоў таму. «Гэта не выпадкова, што хаваем яго на польскай зямлі, — казаў Пазняк пра загінулага. — Таму што і палякі, і ўкраінцы, і беларусы разумеюць, што гэта ў нас адна вайна за нашу светласць, за нашу свабоду, за нашу будучыню. Гэты малады чалавек аддаў жыццё за нас усіх».
Пазняк згадаў, што Лобаў загінуў падчас бою, калі прыкрываў камандзіра, і што ўкраінцы выступілі за тое, каб прызнаць яго героем Украіны. Ён дадаў, што загінулы ваяр варты гэтага і таму, што сем гадоў змагаўся ва Украіне «за нашу волю».
Сябра памерлага Андрусь Цянюта згадаў, як пазнаёміўся з Эдуардам у беларускім войску, і што той не выносіў несправядлівасці: калі Андруся пакаралі гаўптвахтай за ўдзел у выбарах у мясцовыя саветы, Эдуард друкаваў улёткі і распаўсюджваў іх у вайсковай частцы і вакол, і ў выніку, калі Андруся вызвалілі, пасадзілі на гаўптвахту Эдуарда.
«Ён быў шчырым патрыётам, — расказваў Цянюта пра загінулага сябра. — Адразу як пачалася вайна, ён сказаў, што не можа цярпець несправядлівасць, якую творыць Расія. Ён пайшоў абараняць грамадзян Украіны, незалежнасць Украіны і незалежнасць Беларусі». Цянюта прасіў распаўсюджваць петыцыю за наданне Лобаву звання Героя Украіны.
Падпісваць петыцыі на сайце могуць толькі ўкраінскія грамадзяне, але пашыраць інфармацыю пра яе могуць і беларусы.
На цырымоніі ўзяў слова таксама лідар руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык. Ён выказаў спачуванні маці і заявіў, што беларускі народ будзе памятаць яе сына як героя, а таксама выказаў упэўненасць у тым, што будуць пакараныя тыя, хто чатыры гады трымаў Лобава ў няволі ў Беларусі.
На развітанні таксама прысутнічалі прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка і Аліна Коўшык.
У нядзелю, 26 лютага ў 11:30 у касцёле святога Аляксандра на пляцы Трох крыжоў у Варшаве пройдзе служба за Эдуарда Лобава, на якую Барок запрасіў усіх ахвочых.