Дэканам журфака БДУ паставілі палітолага, які спецыялізуецца на антызаходняй прапагандзе
Аляксей Бяляеў быў госцем перадачы Маркава і эфіру СТБ.
16.02.2023 / 11:22
Фота: «СБ.Беларусь сегодня»
Аб прызначэнні новага дэкана паведаміла Міністэрства інфармацыі.
Аляксей Бяляеў у 1996-м з адзнакай скончыў філалагічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Руская мова, літаратура і гісторыя».
У 2002 годзе адвучыўся ў аспірантуры гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Бяляеў з'яўляецца кандыдатам гістарычных навук і дацэнтам.
Пачынаў сваю кар'еру з працы настаўнікам гісторыі ў школе.
З 1996-га па 1997-ы служыў у войску, пасля быў асістэнтам кафедры філасофіі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава.
Фота: Міністэрства інфармацыі
З 2002-га па 2018-ы працаваў у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце на пасадзе выкладчыка на кафедры «Гісторыя, сусветная і айчынная культура», пасля быў загадчыкам кафедры паліталогіі.
Апошнія гады працаваў на пасадзе дырэктара Інстытута магістарскай падрыхтоўкі БДЭУ.
Аляксей Бяляеў з'яўляецца аўтарам газеты адміністрацыі Лукашэнкі «СБ.Беларусь сегодня». Піша калонкі пра палітыку: «Рабаванне актываў і адмова ад прынцыпаў недатыкальнасці ўласнасці: чым яшчэ займаюцца еўрапейскія палітыкі», «Заходні палітычны клас здрабнеў», «Жудасная рэальнасць Захаду: гераізацыя нацызму і забыццё подзвігу савецкіх салдат-вызваліцеляў».
Бяляева часта запрашаюць у якасці эксперта ў прапагандысцкую праграму на СТБ «Сас упаўнаважаны заявіць». Ён таксама быў госцем у Маркава на АНТ. У перадачах ён разважае пра змову Захаду супраць Беларусі і Расіі, эканамічны заняпад еўрапейскіх краін.
Папярэдні дэкан журфака, Вольга Самусевіч сышла з пасады ў кастрычніку 2022 года. У 2020 годзе і пасля яго яна праславілася рэпрэсіямі ў дачыненні да студэнтаў, якія выходзілі на акцыі пратэстаў, былі затрыманыя і адбывалі суткі.
Самусевіч прымушала студэнтаў пісаць тлумачальныя, выносіла дысцыплінарныя спагнанні, адлічвала з факультэта.