Пад Луганскам выяўленыя новыя пахаванні: магчыма, гэта магілы байцоў групы «Вагнер». Ёсць адзін беларус

Каля Луганска выявілі новае пахаванне людзей, якія маглі ваяваць на тэрыторыі Украіны ў складзе групы «Вагнер». Сваякі некаторых загінулых не ведалі пра іх смерць і паведамілі Бі-бі-сі, што ўжо некалькі месяцаў спрабуюць высветліць іх лёс.

16.02.2023 / 08:11

На пачатку лютага жыхары Луганска выявілі на мясцовых могілках 42 свежыя магілы мужчын. Жыхары пасёлка Кіраўка, які знаходзіцца побач з могілкамі, сказалі, што магілы ніхто не наведвае і ніхто з пахаваных не быў ім знаёмы.

«Мы падумалі, раптам гэтыя людзі тут ляжаць, а іх родныя пра гэта нават не ведаюць. Вось сфатаграфавалі ўсе магілы, сталі распаўсюджваць па групах пошуку без вестак зніклых. І вось ужо дзевяць чалавек мне адказалі. Усе яны нават не ведалі, што іх блізкія загінулі. Шукалі іх, чакалі вестак», — распавяла Бі-бі-сі адна з жанчын, якія выявілі пахаванне.

Бі-бі-сі ўдалося знайсці ў адкрытых крыніцах згадкі пра 37 мужчын, чые даныя супадаюць з надпісамі на магільных таблічках блізу Луганска. 35 з іх былі расіянамі, адзін — грамадзянінам Беларусі, яшчэ адзін нарадзіўся ва Узбекістане. На сайтах расійскіх судоў выкладзеныя прысуды ў дачыненні да 20 чалавек, якія з'яўляюцца поўнымі цёзкамі пахаваных у Луганску. Усе яны павінны былі цяпер адбываць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі.

Так, згодна з судовым дакументам, Міраслаў Зінчук атрымаў свой першы тэрмін у 16 гадоў — за крадзеж і прычыненне цяжкай шкоды здароўю. Вызваліўся праз два гады і амаль адразу зноў трапіў у калонію — за крадзеж і разбой. У 2017 атрымаў новы прысуд — за крадзеж. Цімур Цібаеў з Ульянаўска таксама быў неаднаразова судзімы за разбой, апошні тэрмін атрымаў у 2022 годзе. Максадбек Хаджыеў з Узбекістана працаваў маляром, у 2021 годзе быў асуджаны за замах на незаконны збыт гераіну.

Афіцыйна Крэмль не каментуе ўдзел зняволеных у баявых дзеяннях ва Украіне. Але прынамсі аднаго зняволенага, які ваяваў у складзе групы «Вагнер» асабіста ўзнагародзіў прэзідэнт Расіі.

«Тэлефанаваў, пісаў, а потым проста знік»

Старонкі поўных цёзак большасці мужчын, пахаваных пад Луганскам, можна знайсці ў сацсетках. Мяркуючы па публікацыях, толькі адзін з іх быў сіратой, і яшчэ некалькі чалавек большую частку жыцця правялі ў зняволенні і, магчыма, не мелі блізкіх людзей за межамі калоній. Большасць жа пастаянна кантактавалі з роднымі і сябрамі.

«Мы з сынам пастаянна былі на сувязі. І ў калоніі, і вось потым. Ён патэлефанаваў мне на пачатку верасня з Луганска. Сказаў, што з 1 верасня падпісаў кантракт з ПВК «Вагнер», папрасіў мае даныя, каб зарплата мне яго прыйшла», — сказала Бі-бі-сі маці аднаго са зняволеных.

«Потым ён у шпіталь трапіў, быў паранены, але не моцна — асколак у ікру трапіў. Іншыя людзі яго ў шпіталі таксама бачылі, казалі, нічога страшнага. Апошні раз сын выходзіў на сувязь 18 верасня. А на шыльдзе з могілак стаіць дата гібелі 15 верасня. Як гэта так, нічога не сыходзіцца?» — сказала жанчына.

Бі-бі-сі ўдалося звязацца са сваякамі яшчэ двух чалавек, чые імёны і даты нараджэння супадаюць з данымі, названымі на таблічках могілак пад Луганскам. Яны распавялі падобныя гісторыі. Іх блізкія былі зняволенымі, якія пагадзіліся паехаць ваяваць у складзе групы «Вагнер». Яны з'ехалі з калоній у канцы жніўня, нейкі час выходзілі на сувязь, але ў кастрычніку зніклі. З тых часоў навін ад асуджаных няма. Ні «Вагнер», ні прадстаўнікі іншых ваенізаваных структур са сваякамі загінулых не звязваліся.

У службе выканання пакаранняў на пісьмовы запыт адной з маці адказалі, што зняволены «з'ехаў у іншы тэрытарыяльны орган ФСВП Расіі на падставе нарада».

«Забівае тое, што ніхто не паведаміў нам, і дагэтуль цішыня. Маё дзіця пахавалі на чужой зямлі, і гэта страшна. Хачу, каб сын быў побач. Раз ужо жывым не вернуць, хай хоць цела прывязуць», — просіць маці аднаго са зняволеных.

Вялізныя страты

Пахаванне пад Луганскам — ужо трэція могілкі, дзе выяўляюць дзясяткі магіл зняволеных, якія ваявалі ва Украіне ў складзе групы «Вагнер».

У снежні ў станіцы Бакінская Краснадарскага краю былі выяўленыя 47 магіл асуджаных. Усяго за два месяцы колькасць пахаванняў павялічылася ў шэсць разоў — да канца студзеня магіл зняволеных стала ўжо 270. На кожнай ляжыць вянок з чырвона-чорна-жоўтай эмблемай, якая сустракаецца на нашыўках і сцягах ПВК «Вагнер».

На пачатку лютага жыхары падмаскоўнага пасёлка Франава выявілі ў суседнім пасёлку новую могілкавую алею з 22 магіл. На кожнай ляжалі такія ж чырвона-чорна-жоўтыя вянкі, як у станіцы Бакінскай. У сеціве можна знайсці прысуды 12 людзей, чые імёны цалкам супадаюць з данымі на таблічках.

Бі-бі-сі ўдалося звязацца з сям'ёй аднаго з загінулых — яны пацвердзілі, што ён быў зняволеным. Пра сваё жаданне паехаць на вайну ён не паведамляў, на сувязь перастаў выходзіць у кастрычніку. Пра смерць зняволенага сваякі не ведалі.

Заснавальнік «ПВК Вагнер» Яўген Прыгожын пацвердзіў, што могілкі ў станіцы Бакінскай Краснадарскага краю належаць яго прыватнай вайсковай кампаніі, але пакуль не каментаваў статус пахаванняў у Падмаскоўі і блізу Луганска.

Усталяваць дакладную колькасць расійскіх зняволеных, якія загінулі ва Украіне, немагчыма. І праваабаронцы, і крыніцы Бі-бі-сі на фронце кажуць, што атрады, складзеныя са зняволеных, актыўна выкарыстоўваюць на перадавой, і яны нясуць вялікія страты.

Бі-бі-сі сумесна з «Медыязонай» і валанцёрамі ўдалося дакладна ўстанавіць імёны 820 забітых зняволеных. 600 з іх загінулі за апошнія тры месяцы.

Nashaniva.com