Мінсельгасхарч: У Беларусі дастаткова цяпліц для самастойнага вырошчвання агуркоў, але не такіх каб адмовіцца ад імпарту
Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання правяло прэс-канферэнцыю ў Нацыянальным прэс-цэнтры, на якой падрабязна расказалі, як у Беларусі можна знізіць цэны на зімовыя агуркі.
15.02.2023 / 20:07
Намеснік кіраўніка Мінсельгасхарча Вадзім Шагойка падзяліўся з прысутнымі добрай навіной:
у Беларусі дастаткова і цяпліц, і прадукцыі, што вырошчваецца ў адкрытым грунце, каб на працягу года забяспечваць беларусаў на 100%.
Але ёсць навіны і горшыя:
не ўсе цяпліцы абсталяваныя сучаснымі тэхналогіямі дадатковага асвятлення, якое неабходна для вытворчасці агуркоў і памідораў у зімовы перыяд.
Таму і ўзнікае пытанне забеспячэння насельніцтва свежай гароднінай у міжсезонне, з лістапада па люты. І нічога не застаецца, як яе імпартаваць.
Ва ўрадзе доўга думалі, што рабіць з гэтай праблемай, і ў выніку прыйшлі да высновы, што
трэба мадэрнізаваць цяплічныя гаспадаркі і па магчымасці забяспечыць іх тэхналогіямі для дастатковага асвятлення культур. Таксама плануецца дадатковае будаўніцтва новых сучасных цяпліц.
Але не ўсё так дрэнна, бо, паводле Шагойкі, летам і восенню беларуская гародніна ідзе нават на экспарт.
Што ж тычыцца халоднага сезона, то пакуль цяпліцы будуць перабудоўвацца, без імпарту агуркоў і памідораў з адпаведнымі цэнамі абысціся будзе складана.