Брытанія вучыць украінцаў ваяваць па «заходняй мадэлі»
Міністр абароны Брытаніі Бэн Уолес заявіў у сераду, што заходнія саюзнікі могуць дапамагчы Кіеву хутчэй, падтрымліваючы ўкраінскія пазіцыі на зямлі, чым засяродзіўшыся на адпраўцы самалётаў. Ён таксама распавёў, што ўкраінскіх вайскоўцаў у Брытаніі вучаць ваяваць па «заходняй мадэлі», піша Бі-бі-сі.
15.02.2023 / 12:16
Фота: AP
У інтэрв'ю брытанскім СМІ Уолес сказаў, што для выкарыстання знішчальнікаў неабходна значная колькасць тэхнічных спецыялістаў, на падрыхтоўку якіх пойдзе не адзін месяц, у той час як Брытанія можа аказаць Украіне дапамогу значна хутчэй за кошт паставак дальнабойнай зброі і зенітных ракет.
«Думаю, што мы зможам аказаць Украіне дапамогу ў больш кароткія тэрміны, калі будзем арыентавацца не на канкрэтныя запыты спецыфічных узбраенняў, а на той эфект, якія запытаныя ўзбраенні павінны рабіць на полі бою», — заявіў ён.
Тлумачачы, чаму пастаўкі знішчальнікаў могуць прывесці да складанасцяў, ён адзначыў, што адна рэч — «падарыць звычайную машыну, на якой маглі б ездзіць вы ці я», а зусім іншая — аўтамабіль для «Формулы-1».
Брытанія таксама вучыць украінскіх салдат расходаваць менш боепрыпасаў у параўнанні з традыцыйным савецкім метадам вядзення бою, дадаў Уолес.
«Украіна выкарыстоўвае велізарную колькасць боепрыпасаў для самаабароны, збольшага таму мы вучым іх ваяваць па заходняй мадэлі», — заявіў брытанскі міністр.
«Расійскі (ці савецкі) спосаб вядзення бою мае на ўвазе значны выдатак боепрыпасаў, масіраваныя артылерыйскія абстрэлы — у той час як мы ў НАТА ваюем па-іншаму», — сказаў ён.
Па словах Уолеса, Вялікабрытанія закупляе і перадае Украіне боепрыпасы «савецкага стандарту», але таксама дапамагае ўкраінскім вайскоўцам у падрыхтоўцы, каб тыя змаглі выкарыстаць і заходнія снарады.
«Адначасова мы праводзім трэніроўкі, каб пераканацца, што яны будуць выкарыстоўвацца дакладна і эфектыўна», — сказаў ён.