«Не думаў, што нітак даўжынёй 2,5 км можа не хапіць на аснову». Жыхар Астравеччыны расказаў, як узнаўляе кросны

Гаспадар хутара Камарышкі, што на Астравеччыне, Аляксандр Дарашэвіч узяўся за аднаўленне кроснаў. Мужчына ў інтэрв'ю «Рэгіянальнай газеце» кажа, што мог бы наняць для гэтага майстра, але яму самому цікава прайсці ўсе этапы аднаўлення.

15.02.2023 / 10:55

— Праходзячы ўсе этапы самастойна, разумееш не толькі, як жылі і працавалі раней, але і пераасэнсоўваеш маштабы. Вось яшчэ адзін этап на шляху да аднаўлення завершаны. Ён называецца «снаванне асновы для ткацкага станка». Каса сплеценая. Далей буду вывучаць працэс запраўкі ў бёрды. 

Пра тое, чаму зацікавіўся ткацтвам, Аляксандр расказаў журналісту «Рэгіянальнай газеты». Аказваецца, у сябе на аграсядзібе гаспадар плануе абсталяваць музейны пакой, у якім наведнікі змогуць прасачыць усе этапы ткацтва: ад пучка лёну да гатовага палатна. Аляксандр мае ўжо і мялку, і церабілку, і калаўрот, а таксама захоўвае посцілкі і ручнікі, вытканыя бабуляй. Канечне, у гэтым шэрагу павінны быць і кросны. Аснову мужчына знайшоў на адным з набытых старых паселішчаў. Дарэчы, нічога з падобных знойдзеных рэчаў Аляксандр не выкідае:

— Калі бачу драўляныя або жалезныя часткі нейкіх прылад, на якіх працавалі людзі, усё складаю: ад калаўротаў да дошчачак з дзірачкамі. А калі пачынаю збіраць кросны, разумею, што куды трэба. 

Каб даведацца пра тэхналогіі ткацтва, Аляксандр паездзіў па Астравеччыне, але мясцовых жыхарак, якія маглі б нешта распавесці, не знайшоў. Праблема вырашылася інакш:

— Неяк у Лідзе збіраліся прадстаўнікі турыстычнага сектара Гарадзеншчыны, якія хочуць стварыць турыстычны кластар. Мы наведалі мясцовы цэнтр народнай творчасці. І там я знайшоў майстрыху, якая пагадзілася мяне кансультаваць. У выніку маю дзеючыя кросны. Канечне, трэба было заправіць аснову і набіць некалькі радкоў, каб наведнікі музейнага пакоя і самі маглі націснуць на педаль. Калі запраўляў аснову, майстрыха параіла ўзяць больш доўгія ніткі. Я паглядзеў на бабіны з ніткамі даўжынёй два з паловай кіламетры і падумаў: «Нічога сабе! Гэта ж як ад нас да возера!» Але гэтых нітак не хапіла на аснову. Вось тады я і зразумеў маштабы. Да таго ж аснову рабіў не на ўсю шырыню, а толькі на палову: не на вялікі выраб, а, напрыклад, на ручнік. А каб зрабіць вялікае палатно, нашы продкі намотвалі аснову вакол хаты. 

У дзяцінстве Аляксандр яшчэ застаў, як ткала яго бабуля на Палессі. Шкадуе, што быў тады маленькі і не асабліва цікавіўся працэсам. Прыгадвае, што падобнымі рамёствамі займаліся зімой, калі не было працы на зямлі: хтосьці ткаў, хтосьці вышываў. Таксама мужчына заўважыў, што вытканыя рэчы з розных месцаў Беларусі адрозніваюцца колерамі і ўзорамі. 

— Узнаўляючы кросны, зразумеў: ткацтва — не хуткая справа. Напрыклад, каб выткаць ручнік з узорам, спатрэбіцца тыдні паўтара. Таму калі бачу «саматканы» ручнік за дваццаць рублёў, упэўнены: ніякі ён не саматканы. Бо цана сапраўднай рэчы павінна быць каля ста даляраў.

Таксама суразмоўца адзначыў, што прайшоўшы ўсе этапы самастойна, зможа дакладна распавесці сваім гасцям пра тое, для чаго патрэбная ў ткацтве тая ці іншая прылада, і як увогуле адбываецца працэс.

— Мы губляем нашу спадчыну. А так хочацца захаваць хаця б частку, — падзяліўся Аляксандр з «РГ».

Nashaniva.com