Павел Церашковіч: Цяжка ўявіць сабе нацыю з лозунгам «Рурытанія па-за ўсім»

Вядомы беларускі этнолаг Павел Церашковіч, даследчык гісторыі фармавання беларускай нацыі выказаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку некалькі думак адносна месца слогана «Беларусь перадусім». Нядаўна адносна яго прайшла палкая дыскусія ў сувязі з выкарыстаннем на медалі, заснаваным Аб'яднаным пераходным кабінетам.

14.02.2023 / 22:02

1) Эрык Хабсбаўм, брытанскі гісторык-марксіст, разам з Гелнерам разумее «нацыяналізм» як «прынцып, паводле якога палітычныя і нацыянальныя ўтварэнні павінны супадаць».

І дадае —

«гэты прынцып азначае, што палітычныя абавязкі «рурытанцаў» (Рурытанія ў гэтым выпадку — назва абстрактнай, уяўнай нацыі-дзяржавы. — П. Ц.) у адносінах да дзяржавы, якая ўключае ў свой склад рурытанскую нацыю і служыць яе прадстаўніком, вышэйшыя за ўсе іншыя грамадскія абавязкі (overrides all other public obligations), а ў экстрэмальных выпадках (такіх, напрыклад, як вайна) — усе іншыя абавязкі любога роду.

Гэтая прыкмета адрознівае сучасны нацыяналізм ад іншых… формаў… групавой ідэнтыфікацыі».

2) Наяўнасць такога ўсведамлення ёсць непазбежнай умовай існавання нацыянальнай супольнасці. І гэта не залежыць ад таго, у якім стагоддзі, ХІХ ці ХХІ, яна існуе, пабудаваная яна паводле грамадзянскага, калектывісцка-грамадзянскага ці этнічнага прынцыпу.

Нацыі, як і любой сацыяльнай групе, патрэбны пэўны ўзровень унутрыгрупавога фаварытызму, інакш сэнсу належаць да яе няма, і яна проста знікне.

3) Менавіта зыходзячы з гэтага, радавога прынцыпу, трэба і разглядаць лозунгі кшталту «Рурытанія па-над усім».

У кожнай нацыі ён можа набываць розныя формы, але цяжка ўявіць сабе нацыю з лозунгам «Рурытанія па-за ўсім».

4) Ключавое пытанне, безумоўна, у знаходжанні балансу групавых (нацыянальных) і асабовых каштоўнасцяў. Першыя не павінны выключаць другія, і наадварот.

Найлепшым варыянтам з'яўляецца грамадзянскі нацыяналізм і лозунг, які пачынаецца са слоў «Мы, народ, …».

5) У кожнай нацыі могуць быць свае канатацыі з лозунгамі кшталту «Рурытанія перадусім». І кожная нацыя можа стварыць сваю сетку чырвоных ліній, за якую заходзіць нельга.

6) У беларускага грамадства ёсць праблемная гістарычная прастора (калабарацыя часоў Другой сусветнай вайны), дзе такіх агульнапрызнаных ліній няма і патрабуецца прафесійная экспертыза ды публічная дыскусія на гэтую тэму.

7) Стварэнне публічнай узнагароды, яе сімволікі павінна абапірацца не толькі на вузкае кола прафесіяналаў, але і на шырокую грамадскую дыскусію.

Чытайце таксама:

«Беларусь перадусім». Лозунг на медалях ад Аб'яднанага пераходнага кабінета выклікаў дыскусію 

Серабрыстая «Пагоня» ў лаўровым вянку: Кабінет зацвердзіў узнагароду за выключную адданасць у служэнні Беларусі

Nashaniva.com