Ціханоўская ў адказ на крытыку Падаляка: Мы будзем падтрымліваць Украіну незалежна ад таго, як будзе развівацца дыялог з Кіевам

Пра гэта на прэс-канферэнцыі, прысвечанай палове года працы Аб'яднанага пераходнага кабінета, заявіла Святлана Ціханоўская.

14.02.2023 / 14:09

Фота: Офіс Ціханоўскай

«Мы будзем падтрымліваць украінскі народ у іх барацьбе, у нашай агульнай барацьбе супраць расійскай агрэсіі незалежна ад таго, як будзе развівацца наш дыялог з афіцыйным Кіевам», — сказала яна.

Ціханоўская адказала на крытыку дарадцы Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіла Падаляка, які папракнуў апазіцыю ў невыразнай антываеннай актыўнасці.

«Такія заявы ад прадстаўнікоў адміністрацыі дэматывуюць беларусаў. Бачым спрэчкі ў сацсетках паміж беларусамі і украінцамі. Шкада, што да такога даведзена».

Святлана падкрэсліла, што разам украінцы і беларусы змаглі б дамагчыся большага.

Па словах Ціханоўскай, праца ва Украіне вядзецца. «У нас прайшло шмат сустрэч у Кіеве. І з дэпутатамі Вярхоўнай рады, і з прадстаўнікамі Адміністрацыі прэзідэнта Украіны. Многія з іх непублічныя», — патлумачыла яна.

Цяпер Офіс спрабуе заблакаваць Лукашэнку на выбарах у Раду бяспекі ААН.

«Супрацьстаянне з рэжымам часам адбываецца на незаўважных пляцоўках. Мы гэта робім, каб забраць у рэжыму манаполію прадстаўляць імя беларускага народа на міжнародных пляцоўках», — сказаў Валер Кавалеўскі.

Nashaniva.com