Скандал з-за Нятрэбкі: група Pussy Riot адмовілася выступаць на фестывалі ў Германіі замест артыстаў з Украіны

Расійскі гурт Pussy Riot адмовіўся выступаць на міжнародным майскім фестывалі ў нямецкім Вісбадэне пасля таго, як стала вядома, што разам з ім у мерапрыемстве павінна будзе прымаць удзел оперная спявачка з Расіі Ганна Нятрэбка. Раней два ўдзельнікі фестывалю з Украіны заявілі, што не маюць намеру ехаць у Вісбадэн на знак пратэсту супраць спектакляў Нятрэбкі, піша Бі-бі-сі.

14.02.2023 / 08:33

Ганна Нятрэбка. Фота Luca Bruno / AP

У сераду Міжнародны фестываль у Вісбадэне (федэральная зямля Гесэн) апублікаваў афіцыйную праграму выступаў, згодна з якой 5 і 7 мая павінны адбыцца два спектаклі паводле п'есы Джузэпэ Вердзі «Набука», у якіх выступяць Нятрэбка і сербскі оперны спявак Жэлька Лучыч.

На фестываль у Вісбадэне таксама былі запрошаныя музыканты Нацыянальнай оперы Украіны і артысты Харкаўскага драматычнага тэатра імя Тараса Шаўчэнкі.

Аднак прадстаўнікі Украіны запатрабавалі ад арганізатараў адмяніць выступ Нятрэбкі — у адваротным выпадку яны пагражалі адмовіцца ад сваёй паездкі на фестываль.

«Украінскі бок не будзе цярпець ніякага супрацоўніцтва з краінай-агрэсарам, не будзе ўдзельнічаць у любых культурных мерапрыемствах разам з якім-небудзь прадстаўніком расійскай культуры і не мае намеру быць часткай мерапрыемстваў, якія прапагандуюць расійскую культуру», — было сказана ў лісце міністра культуры Украіны Аляксандра Ткачэнкі.

Зрэшты, для Украіны важная не толькі сама прыналежнасць Нятрэбкі да расійскай культуры, але і яе палітычная пазіцыя. Спявачка была даверанай асобай Уладзіміра Пуціна, падтрымлівала анексію Крыма і дзеянні Расіі ў Данбасе.

У сакавіку 2022 года Нятрэбка апублікавала ў фэйсбуку заяву з асуджэннем вайны ва Украіне. «Я не ўдзельніца якой-небудзь палітычнай партыі і не звязаная з якім-небудзь расійскім лідарам», — напісала яна. Нятрэбка дадала, што цяпер пастаянна жыве ў Аўстрыі.

Пазіцыя Pussy Riot

Да гэтага, яшчэ ў лютым 2022-га, усе адносіны з ёй разарваў амерыканскі тэатр Metropolitan Opera; пры гэтым з-за антываеннай пазіцыі адмяняліся і яе выступы ў Расіі.

Арганізатары фестывалю ў Вісбадэне ў адказ на ліст Украіны заявілі, што не могуць адмовіцца ад выступаў расійскіх артыстаў, расійскай музыкі і рускай мовы, паколькі падобныя патрабаванні «недапушчальныя ў свабоднай краіне».

«Мы занялі выразную пазіцыю супраць пуцінскай агрэсіўнай вайны, а таксама супраць усіх дзеянняў пуцінскага рэжыму. Але гэта не можа азначаць, што мы асуджаем увесь расійскі народ і ўсю расійскую культуру», — цытуе Deutsche Welle заяву кіраўніцтва Гесенскага дзяржаўнага тэатра.

Калі ўдзел у фестывалі ўкраінскіх артыстаў канчаткова адмяніўся, стала вядома, што ў Вісбадэне замест іх павінен выступіць расійскі рок-гурт Pussy Riot.

Аднак у панядзелак увечары ў распараджэнне Бі-бі-сі паступіла заява гурта Pussy Riot, у якой сказана: «Аб удзеле ў фестывалі Нятрэбкі нам ніхто не казаў. У роўнай ступені ніхто нам не казаў аб тым, што намі проста спрабуюць заткнуць дзірку, замясціўшы ўкраінцаў, якія адмовіліся ад выступу.

Мы, зразумела, у такіх абставінах адмяняем канцэрт. Мы адмаўляемся ад удзелу з салідарнасці з украінскімі артыстамі», — гаворыцца ў заяве Pussy Riot.

Міжнародны майскі фестываль у Вісбадэне — адно з галоўных культурных мерапрыемстваў у Германіі, ён пачаў праводзіцца ў 1869 годзе. У гэтым годзе фестываль прысвечаны палітычным зняволеным па ўсім свеце.

Nashaniva.com