Юрыю Чыжу далі тры з паловай гады пазбаўлення волі. Але не пасадзілі
Сёння ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска быў абвешчаны прысуд па справе Юрыя Чыжа, піша «Народная воля».
13.02.2023 / 15:52
Фота: «Прэсбол»
На ўваходзе ва ўсіх ужо па традыцыі запісвалі пашпартныя даныя. У кулуарах суда казалі, што на працэс да суддзі Валерыя Есьмана «чакаецца шмат народу». Хоць, па праўдзе кажучы, людзей сабралася не вельмі шмат — крыху больш за дзясятак разам з пракурорам і адвакатамі.
Юрый Чыж прыйшоў за 10 хвілін да пачатку працэсу. У сінім гарнітуры, з усмешкай і без сумкі, якую звычайна бяруць з сабой абвінавачваныя на абвяшчэнне прысуду так бы мовіць на ўсялякі непрыемны выпадак.
Уладзімір Япрынцаў у суд не прыйшоў. Яго адвакат таксама.
Здымкі ў будынку суда катэгарычна забаранілі. Пра гэта некалькі разоў у калідоры і ўжо ў зале абвясціла ўсім прысутным супрацоўніца суда.
Прычым у калідоры суда забаранілі нават аўдыязапіс — убачыўшы дыктафон, міліцыянт адразу запатрабаваў яго прыбраць. Здзівіліся нават адвакаты.
Як паведамлялася, Чыжа абвінавачвалі ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, а таксама ў махлярстве.
Працэс па гучнай справе праходзіў у закрытым рэжыме: пра гэта папрасіў дзяржабвінаваўца, матываваўшы тым, што ў пастанове аб прыцягненні Чыжа ў якасці абвінавачванага і ў матэрыялах крымінальнай справы маецца інфармацыя для службовага карыстання, якая не можа падлягаць разгалошванню.
Таму падрабязнасцяў па справе няшмат — на жаль, усё самае цікавае засталося за зачыненымі дзвярыма. Вядома толькі, што некаторыя судовыя пасяджэнні праходзілі без Уладзіміра Япрынцава і яго адваката.
Юрый Чыж знаходзіўся пад вартай двойчы: з 11 сакавіка па 14 верасня 2016 года і з 15 сакавіка 2021 па 9 верасня 2022 года.
Па некаторых раней выстаўленых абвінавачваннях ён быў памілаваны.
Як вынікае з прысуду, які зачытаў суддзя Валерый Есьман, ад адбыцця ў калоніі Юрыя Чыжа вызвалілі — ужылі амністыю і залічылі ў тэрмін пакарання тое, што ён ужо адседзеў.
Без змен пакінулі забарону на выезд з краіны — да ўступлення судовага рашэння ў законную сілу. Такім чынам, Чыж пакуль невыязны.
У судзе прагучала, што грошы Чыжа, канфіскаваныя падчас ператрусаў, захоўваліся на дэпазітным рахунку КДБ, цяпер іх можна будзе забраць. Гаворка не пра мільёны даляраў — сумы называліся невялікія.
Маёмасць бізнэсоўца таксама вызвалілі ад арышту.
Як Юрый Чыж адрэагаваў на прысуд?
«Калі адным словам выказаць, то час пройдзе — разбяромся, — сказаў ён «Народнай волі». — Гэта рашэнне — толькі адпраўны пункт для мяне. Магчымасць далей займацца сваімі справамі. А наперадзе яшчэ чакае нямала, аднаўляць шмат чаго давядзецца».
З'язджаць з Беларусі Юрый Чыж не мае намеру. І не толькі таму, што цяпер яшчэ часова невыязны.
«Тут шмат спраў», — кажа ён.