«Брата 10 хвілін збівалі ў кватэры і выводзілі ў капюшоне, каб схаваць кроў». Як помсцілі «рэйкавым партызанам»
«У атмасферы вайны кожны выбірае, як жыць далей. Мае родзічы зрабілі свой выбар», — кажа Дзмітрый Дзікун, сваяк светлагорскіх «рэйкавых партызан». За кратамі цяпер яго брат, муж сястры і цесць брата. Агулам ім прысудзілі 66 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Дзмітрый збірае грошы на дапамогу сям'і і расказвае, праз што давялося прайсці мужчынам за іх смелы ўчынак.
13.02.2023 / 20:45
«Рэйкавыя партызаны» са Светлагорска: Дзяніс Дзікун (справа), Алег Малчанаў, Дзмітрый Равіч. Фота: t.me/viasna96
«Сваім учынкам хацелі дапамагчы Украіне»
Жыхароў Светлагорска Дзяніса Дзікуна, Дзмітрыя Равіча і Алега Малчанава абвінавацілі ў сабатажы на Беларускай чыгунцы, па якой ішлі эшалоны з расійскай вайсковай тэхнікай.
Дзмітрый кажа, што яго родныя не маглі быць абыякавымі да таго, што з Беларусі расійскія войскі атакавалі Украіну.
«Сваім учынкам яны хацелі дапамагчы Украіне, і я перакананы, што яны затрымалі перасоўванне расійскіх войск па Беларусі», — адзначае ён.
Дмітрый Дзікун. Фота: сацыяльныя сеткі
Паводле следства, трое абвінавачаных 28 лютага 2022 года на перагоне Жэрдзь — Астанкавічы вывелі са строю рэлейнае абсталяванне, падпаліўшы яго.
Іх схапілі 4 сакавіка, а 27 снежня асудзілі. У іх дзеяннях угледзелі «стварэнне экстрэмісцкага фармавання», «наўмыснае пашкоджанне транспартнага сродку ці шляхоў зносін», «акт тэрарызму» ды «здраду дзяржаве».
Злева направа: Зміцер Равіч, Алег Малчанаў і Дзяніс Дзікун. Фота: сацсеткі
29-гадоваму Дзянісу Дзікуну прысудзілі 23 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Ён прадпрымальнік і меў у Светлагорску невялікую краму. Ездзіў на заробкі ў Расію.
33-гадоваму Дзмітрыю Равічу (мужу сястры Дзмітрыя Дзікуна) далі 22 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. У яго дзве малыя дачкі.
Ён працаваў у філіяле «Беларуснафты» вышынным мантажнікам-электраманцёрам, а паралельна вучыўся на курсах расійскага ўніверсітэта «Сінергія».
52-гадоваму Алегу Малчанаву далі 21 год калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Ён колішні вайсковец, служыў у ВМФ. Па звальненні працаваў звычайным рабочым: садоўнікам, кіроўцам, слесарам, качагарам. Потым стаў прыватным прадпрымальнікам па грузаперавозках, а паралельна падпрацоўваў тым, што прывозіў у Светлагорск забавы ў паркі для дзяцей: батут і машынкі.
Дзмітрый пра зняволенне брата даведаўся ад знаёмага, які расказаў яму пра аблаву ў Светлагорску. Звязацца са сваякамі ён не мог. Пазней у праўладным тэлеграм-канале ўбачыў відэа з затрыманнем брата.
«На відэа было відаць, што ён збіты. Рассечана вока. Ведаю, што брата 10—15 хвілін збівалі ў кватэры. Білі па галаве. Брат, убачыўшы сілавікоў, адчыніў дзверы і лёг на падлогу, каб яго не білі. Калі яго выводзілі, то на галаве была шапка і капюшон, так хавалі кроў.
Брат пагадзіўся на відэа, каб яго не білі. Ведаю, што калі яго вялі па РАУС, то ён моцна кульгаў і трымаўся за бок. Быў разбіты твар», — расказвае Дзмітрый.
Жорстка затрымлівалі і Дзмітрыя Равіча.
«Яго схапілі на вуліцы, калі вылазіў з машыны, — працягвае Дзмітрый. — Яго білі дарогаю ў РАУС. Паклалі на падлогу між сядзеннямі ў аўтобусе і білі нагамі. Адзін амапавец сказаў, што Дзмітрыю пашанцавала, бо недалёка было ехаць да міліцыі».
Дзмітрый Равіч. Фота: сацсеткі
Як затрымлівалі Алега Малчанава, Дзмітрый не ведае.
Агучаныя прысуды шакавалі родных зняволеных, хаця ўсе разумелі, што ім прысудзяць вялікія тэрміны. Мужчыны застаюцца ў следчым ізалятары Гомеля. Дзмітрый кажа, што ў родзічаў не ўсё добра са здароўем. Яны часта хварэюць, але стараюцца трымацца.
Станцыя Жэрдзь, дзе «рэйкавыя партызаны» ўчынілі дыверсію. Фота: railwayz.info
Украінцы распытвалі пра зняволеных
Па словах Дзмітрыя, зняволеныя родзічы стараніліся палітыкі, не ўдзельнічалі ў пратэстах 2020 года, але спачувалі ўдзельнікам. Падзеі ў краіне абмяркоўвалі ў сваім асяродку знаёмых.
Сам Дзмітрый удзельнічаў у пратэстах у Светлагорску і Мазыры. Яго аштрафавалі на 675 рублёў. Кажа, што міліцыянты пастаянна даймалі пытаннямі, чаму чуюць яго прозвішча паўсюдна, але чамусьці адкладалі затрыманне.
Напярэдадні Дня Волі ў 2021 годзе брат уратаваў Дзмітрыя ад арышту. Ён паведаміў яму, што дом аточаны сілавікамі і каб не думаў выходзіць з кватэры.
«Ля пад’ездаў дома стаялі патрульныя з аўтаматамі. Хадзілі вакол яго. Грукалі ў дзверы, але я сцішыўся. Ведаю, што ў іх не было падстаў для ўварвання ў кватэру, бо пракурор нібыта не даў пастановы на арышт. Не было прычыны. Яны не адыходзілі двое сутак. Калі з'явілася магчымасць, я выскачыў і зʼехаў ва Украіну. Было зразумела, што яны затрымаюць, а прычыну прыдумаюць. Праз тры месяцы перабраўся ў Літву», — расказвае Дзмітрый.
Цяпер ён працуе у Літве на адным з мясцовых заводаў. Кажа, што яго майстар-украінец цікавіўся, ці не ён брат «рэйкавых партызанаў».
«Напарнікі ў мяне — украінцы, яны таксама распытвалі. Калі даведаліся пра прысуд родным, то выказвалі словы падтрымкі. Я асабліва нікому тут не расказваю гісторыю пра сваіх родных», — кажа Дзмітрый.
Дзмітрый лічыць, што «рэйкавыя партызаны» — героі.
«Той, хто судзіў іх, сапраўдны злачынца, — настойвае Дзмітрый. — Надыдзе час, і будуць судзіць іх. Я ж мушу рабіць усё, каб вызваліць сваіх родных. Не спыняцца».
Хлопец запусціў збор на ВySol, каб дапамагчы родным. Таксама патрэбныя грошы на аплату паслуг адваката.
«У кожнага з асуджаных засталіся малыя дзеці. Блізкім даводзіцца збіраць перадачы кожны месяц, і на ўсё гэта ідзе вельмі шмат сродкаў. Утварыліся вялікія даўгі», — гаворыцца ў звароце.
Справы «рэйкавых партызан»
Прысуд светлагорскім «рэйкавым партызанам» стаў самым суровым па справах аб дыверсіях на чыгунцы. Да гэтага часу максімальны тэрмін па аналагічнай справе быў 16 гадоў пазбаўлення волі.
Адразу пасля нападу Расіі на Украіну ў Беларусі стыхійна ўзнік антываенны рух. Яго сімвалам сталі г. зв. «рэйкавыя партызаны», якія ладзілі акты сабатажу на чыгунцы, каб запаволіць рух расійскай тэхнікі. У лютым і сакавіку ў Беларусі было здзейснена не менш за дванаццаць такіх акцый і дзве вялікія кібератакі.
У выніку гэтых аперацый была парушаная праца некалькіх аддзяленняў Беларускай чыгункі. Перасоўванне саставаў з расійскай жывой сілай і тэхнікай на вайну ва Украіну было запаволена, а дзесьці і спынена.