Нацыянальны абсурд, або Настальгія па чужынскай уладзе
У 1939 годзе беларусы заплацілі крывавую цану, але як нацыя выйгралі. Піша Сяргей Богдан.
28.10.2009 / 12:45
Берасце, верасень 1939 г. Навекі разам?
У 1939 годзе беларусы заплацілі крывавую цану, але як нацыя выйгралі. Піша Сяргей Богдан.
Каб стварыць сваю ідэалогію, нацыянальнаму руху патрэбныя гады, але па любых мерках беларускі нацыяналізм марудзіць з уласнай ацэнкай падзеяў восені 1939 года. Многія нацыянал‑дэмакраты ўвогуле перанялі польскую пазіцыю датычна падзеяў, звязаных з уз’яднаннем Заходняй і Усходняй Беларусі.
Вытокі праблемы відавочныя. За часамі БССР беларусаў вучылі дагмату аб абсалютнай пазітыўнасці 1939 года. Апаненты камуністычнага рэжыму пачалі дзейнічаць «ад адваротнага» — мяняючы палярнасць у камуністычных ацэнках гістарычных падзеяў.
Супрацьстаўляючы сябе СССР‑Расіі, мы прагна чыталі яе апанентаў: перш за ўсё даступныя нам тэксты суседніх нацыяў. Між тым, многія падзеі інтэрпрэтаваліся ў іх з пазіцыі інтарэсаў іх нацый, не беларускай.
У аснове беларускага погляду на любыя падзеі мусіць ляжаць іх асэнсаванне з пункту гледжання здзяйснення нацыянальных мэтаў беларускага руху.
Недарэчнымі выглядаюць падкопы пад уз’яднанне дзвюх частак Беларусі, што суправаджаюцца спасылкамі на парушэнне міжнароднага права Савецкім Саюзам пры далучэнні Заходняй Беларусі да БССР. Міжнароднае права наогул не прадугледжвала нацыянальнага адзінства для беларусаў — вось горкая ісціна, а міжнародны кантэкст амаль заўсёды вымагае экстраардынарных захадаў дзеля ўз’яднання падзеленых народаў ці дасягнення незалежнасці. На шляху бездзяржаўных народаў заўсёды стаяць нормы міжнароднага права. Яно дарма што завецца між‑народным, на справе ёсць між‑дзяржаўным і арыентаваным на ўжо існуючыя дзяржавы. Дамагчыся нацыянальнай незалежнасці ці аб’яднаць раздзелены межамі народ можна толькі насуперак існуючай сістэме.
Дзядоўскія ж успаміны пра «райскія» польскія часы нагадваюць настальгію па СССР
ды агульную схільнасць асобаў старэйшага веку лічыць, што лепшае засталося ў мінулым. У рэальнасці Варшава захоўвала крэсы адсталым, аграрным краем.
Кароткачасовы росквіт беларускай грамадзянскай супольнасці ў Заходняй Беларусі 1920‑х (Тарашкевіч, Станкевічы, Луцкевіч, беларускія гімназіі) супаў з узлётам мастацтваў (Сергіевіч, Драздовіч, Танк, Арсеннева, Аляхновіч). Аднак гэта быў толькі момант, які змяніўся адкрыта каланізатарскай палітыкай.
Аднак не трэба пераносіць на сённяшнюю дэмакратычную і плюралістычную Польшчу віну за шавіністычны рэжым ІІ Рэчы Паспалітай і якімсьці чынам атаясамліваць іх. Гэта — дзве розныя краіны і дзяржавы.
Цяпер ужо няважныя матывы савецкага кіраўніцтва падчас увядзення войскаў у Заходную Беларусь і Украіну, важныя наступствы — сучасная Беларусь ад Гомеля да Гродна.
Часта кажуць, што тая БССР была, маўляў, «несапраўднай» дзяржавай беларускага народа. Але бясспрэчна: нягледзячы на велізарныя палітычныя праблемы ў БССР, у ёй было шмат кардынальных перавагаў у параўнанні з тым становішчам, у якім знаходзіліся беларускія землі пад Польшчай. У рамках СССР/БССР беларусы мелі асобную адміністрацыйную і гаспадарчую адзінку з этнічнай назвай «беларуская», дзе ўлада паступова перайшла да мясцовых элітаў.
У БССР быў таталітарызм, але існавала адукацыя па‑беларуску. У Польшчы на 1939 год усе беларускія школы былі зачыненыя.
Беларусы страцілі свабоды і заплацілі крывавую цану сталінскаму рэжыму, апынуўшыся ў СССР, але як нацыя выйгралі. Нацыянальнае адзінства ёсць адной з мэтаў нацыянальнага руху, побач з дасягненнем незалежнасці ў рамках уласнай дзяржавы. Таму ў якой бы форме ні адбывалася ўз’яднанне 1939 года, для беларусаў яно мела станоўчае значэнне.
Размовы, што аб’яднанне было «няправільным», — пустапарожнія. Інакшым аб’яднанне быць проста не магло ў варунках таго часу. Яно ж і наогул магло не адбыцца. Прыкладаў таму багата па свеце (Ірландыя, Азербайджан, Курдыстан).
Трагічная сутнасць палітыкі палягае ў тым, што яна здзяйсняе нашыя мары ў нечаканых і непрыемных нам формах. Аб’ядноўвае беларускія землі крамлёўскі дыктатар, ваююць супраць польскага рэжыму камуністы, а першым прэзідэнтам незалежнай Беларусі становіцца Лукашэнка. Але гэта і ёсць палітыка як такая, і толькі яна мае значэнне для лёсу народаў. І наступствы яе ў канчатковым выніку важнейшыя за намеры.
***
Сяргей Богдан, магістр палітычных навук. Сябар Інстытута палітычных даследаванняў «Палiтычная сфера».