Пасол ЗША пры АБСЕ: Рэжым Лукашэнкі павінен быць прыцягнуты да адказнасці за ўнутраныя рэпрэсіі і знешнюю агрэсію

Амбасадар ЗША пры АБСЕ Майкл Карпентэр выступіў на брыфінгу, прысвечаным гадавіне пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны. Амерыканскі дыпламат гаварыў пра масавыя ваенныя злачынствы Расіі ў дачыненні да ўкраінскіх вайскоўцаў і мірных жыхароў, але сярод іншага закрануў і беларускае пытанне, піша Reform.by.

10.02.2023 / 20:57

 

Майкл Карпентэр са Святланай Ціханоўскай. Фота: @USAmbOSCE

Адказваючы на пытанне журналіста выдання Reform.by пра адказнасць рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны, дыпламат сказаў:

«Прыцягненне вінаватых да адказнасці — гэта ключавы аспект дзейнасці АБСЕ і таго, чаго хочуць дамагчыся ЗША па выніках гэтай вайны. 

Як вы ведаеце, беларускія вайскоўцы фізічна не прысутнічаюць ва Украіне, аднак беларуская тэрыторыя выкарыстоўваецца як пляцоўка для ўдараў па Украіне, для запуску ракет — якіх было выпушчана вельмі шмат на працягу гэтай вайны. Асабліва на пачатковым яе этапе Беларусь была адным з ключавых фактараў гэтай вайны, калі расійскія войскі спрабавалі захапіць Кіеў.

Таму важна імкнуцца да таго, каб і беларускае кіраўніцтва было прыцягнута да адказнасці за дапамогу ў агрэсіі супраць Украіны», — сказаў ён.

Акрамя таго, Майкл Карпентэр сказаў пра рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да беларускага народа, а таксама адзначыў, што ЗША працягнуць пошук рычагоў для прыцягнення беларускага кіраўніцтва за ўнутраныя рэпрэсіі і знешнюю агрэсію:

«Магу сказаць, што ЗША працягнуць пошук шляхоў павелічэння санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі і іншых сродкаў прыцягнення яго да адказнасці — як за ўнутраныя рэпрэсіі, так і за ягоны ўдзел у замежнай агрэсіі, якую Расія пачала супраць Украіны», — сказаў дыпламат.

Nashaniva.com