Зяленскі ў Еўрапарламенце: Перамога Украіны — перамога ўсёй Еўропы

Прэзідэнт Украіны сёння выступіў у Еўрапарламенце.

09.02.2023 / 13:59

Фота: Olivier Matthys / AP

У сваёй прамове прэзідэнт Украіны сказаў, што абсалютна кожны чалавек у Еўропе і ва ўсім свеце — ад палітыкаў і вайскоўцаў да студэнтаў і актывістаў — які зрабіў хоць нешта для Украіны, унёс уклад у перамогу не толькі ўкраінскага народа, але ў агульную перамогу.

Ён падзякаваў еўрадэпутатам і грамадзянам Еўропы за веру ў сілу Украіну.

На самым пачатку вайны, калі расійскія агрэсары ўжо пачалі ламаць зубы аб украінскую абарону, сказаў Зяленскі, еўрапейцы абазначылі сваё стаўленне да таго, што адбываецца, прысвоіўшы Украіне статус краіны — кандыдата ў чальцы ЕС.

Гэта быў магутны жэст падтрымкі, і Кіеў зробіць усё магчымае, каб ніхто і ніколі не сумняваўся, што Украіна — еўрапейская краіна, якая заслугоўвае сваё месца сярод саюзнікаў, якія падзяляюць агульныя прынцыпы дэмакратыі, жыцця і светапогляд, падсумаваў украінскі прэзідэнт.

Кіраўнік Еўрапарламента Раберта Метсола запэўніла Уладзіміра Зяленскага, што ЕС будзе дапамагаць і падтрымліваць Украіну столькі, колькі спатрэбіцца.

«Свабода будзе абароненая, мір будзе адноўлены, вы пераможаце. Слава Украіне!» — сказала Раберта Метсола.

Парламент ЕС стоячы сустрэў Уладзіміра Зяленскага доўгімі апладысментамі і крыкамі «Брава».

Nashaniva.com