Зяленскі прыляцеў у Брусель у самалёце Макрона

Парламент ЕС чакае выступу ўкраінскага прэзідэнта.

09.02.2023 / 12:29

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступіць у парламенце Еўрасаюза ў Бруселі, куды гэтай раніцай ён вылецеў з Францыі разам з французскім прэзідэнтам Эмануэлем Макронам.

Насычаны візіт Зяленскага ў Еўрасаюз і Брытанію пераследуе мэту дамагчыся ад партнёраў яшчэ большых паставак узбраенняў Украіне.

Чакаецца, што ў сваёй прамове Зяленскі таксама закране тэму перспектыў найхутчэйшага ўступлення Украіны ў склад ЕС.

Напярэдадні прэзідэнт Украіны наведаў Лондан, дзе сустрэўся з прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Рышы Сунакам, быў прыняты каралём Карлам III і выступіў перад брытанскім парламентам.

Позна ўвечары ён вылецеў у Парыж на перамовы з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам і нямецкім канцлерам Олафам Шольцам.

Дзясяткі краін ЕС у студзені ўхвалілі чарговы пакет ваеннай дапамогі Кіеву, але галоўнай падзеяй стала згода Берліна даць ВСУ нямецкія танкі Leopard 2.

Першая партыя брытанскіх цяжкіх танкаў Challenger 2, якія таксама лічацца аднымі з найлепшых у свеце, паступіць ва Украіну ў сакавіку, запэўніў Зяленскага брытанскі прэм'ер.

Брытанія таксама гатовая пачаць навучанне ўкраінскіх пілотаў кіраванню знішчальнікамі, якія знаходзяцца на ўзбраенні НАТА.

Nashaniva.com