Разведка Эстоніі: Пуцін цягне час, мяркуючы, што Украіна і Захад знясіляцца раней, чым Расія
Пуцін мяркуе, што час — на яго баку ў вайне супраць Украіны, бо ў Расіі дастаткова рэсурсаў для падсілкоўвання ваеннай машыны. Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на справаздачу Службы замежнай разведкі Эстоніі. Таксама ў разведцы лічаць, што расійскія эліты цалкам разумеюць неадэкватнасць Пуціна, аднак баяцца дзейнічаць. Адзіныя, хто гатовы змагацца, — радыкалы кшталту Прыгожына і Кадырава.
09.02.2023 / 15:39
Фота: Associated Press
У справаздачы гаворыцца, што, нягледзячы на няўдачы Расіі ў першы год уварвання і на тое, што яна наўрад ці дасягне «якаснага скачка» ў сваёй здольнасці весці вайну, Пуцін не спыніцца. Расійскі прэзідэнт перакананы, што зможа бомбамі прымусіць Украіну сесці за стол перамоваў.
Ключавы фактар для яго гэта паслабленне падтрымкі Украіны з боку саюзнікаў, такіх як ЗША і НАТА.
Адзначаецца, што, хоць расійскіх ваенных стратэгаў і агаломшыла здольнасць Украіны абараняцца, а таксама маштабы санкцый ЗША і ЕС, урад Пуціна ўсё ж не дэманструе прыкмет слабасці і цалкам здольны разгарнуць інструменты «прапагандысцкага імперыялізму».
Пры гэтым расійская эліта ўсё больш занепакоеная тым, што Пуцін «страціў розум, але большасці з іх не хапае мужнасці зрабіць рэальныя крокі да перамен», гаворыцца ў справаздачы.
У патэнцыйнай постпуцінскай Расіі няма ніводнай значнай групоўкі, якая падзяляла б дэмакратычныя каштоўнасці, затое за ўладу змагаюцца кіраўнікі «радыкальных» фракцый, такія як Яўген Прыгожын, які кантралюе наёмнікаў групоўкі Вагнера, і кіраўнік баевікоў у Чачні Рамзан Кадыраў.
Эстонскія разведчыкі назвалі аўтарытарны рэжым Пуціна Савецкім саюзам 2.0, у якім на гарызонце «няма новага Гарбачова, не кажучы ўжо пра Ельцына».
Аўтары дакладу занепакоеныя тым, што ўварванне павысіла рызыку ваеннага канфлікту ў краінах Балтыі, бо далейшая мабілізацыя і запланаваныя маштабныя расійскія ваенныя вучэнні, якія адбудуцца сёлета, як чакаецца, узмоцняць напружанасць на ўсходнім флангу НАТА.
Разглядаючы краіны Балтыі як самы ўразлівы рэгіён у НАТА, Расія «з вялікай імавернасцю» дасць прыярытэт аднаўленню сваіх узброеных сіл паблізу Эстоніі. Адзначаецца, што гэта можа заняць да чатырох гадоў.