Макрон: Францыя прывядзе Украіну да перамогі
Выступаючы на сумеснай прэс-канферэнцыі ў Елісейскім палацы пасля сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім і Олафам Шольцам, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў, што яго краіна мае намер прывесці Украіну да перамогі ў вайне з Расіяй.
09.02.2023 / 08:41
Sarah Meyssonnier, Pool via AP
«Мы падтрымліваем Украіну і маем намер прывесці яе да перамогі, — сказаў Макрон. — Украіна можа спадзявацца ў гэтым на Францыю і яе саюзнікаў, а Расія не павінна перамагчы і не пераможа ў гэтай вайне».
Прэзідэнт Францыі таксама запэўніў Зяленскага, што Парыж працягне аказваць ваенную дапамогу Украіне і будзе адаптавацца да патрэб Кіева.
Канцлер Германіі Олаф Шольц, які спецыяльна прыляцеў у Парыж, каб сустрэцца з Уладзімірам Зяленскім, таксама пацвердзіў, што яго краіна будзе аказваць Украіне ваенную дапамогу «столькі, колькі спатрэбіцца», і, як і яго французскі калега, падкрэсліў, што нельга дапусціць перамогі Расіі ў гэтай вайне.
Уладзімір Зяленскі, у сваю чаргу, падзякаваў Макрону і Шольцу за «спантанную ідэю аб правядзенні гэтай сустрэчы».
«Францыя і Германія патэнцыйна могуць у корані змяніць сітуацыю, — заявіў ён. — Чым хутчэй Украіна атрымае зброю далёкага радыусу дзеяння і сучасныя самалёты, тым мацнейшай будзе наша кааліцыя».
У чацвер прэзідэнт Украіны адправіцца ў Брусель на саміт ЕЗ.