Сяргей Пясецкі: літаратурны геній і кантрабандыст на мяжы падзеленай Беларусі. Новае ВІДЭА на канале Андрэя Хадановіча
Гэты пісьменнік, які сваімі кнігамі праславіў міжваенную Беларусь на польска-савецкім памежжы, шмат гадоў правёў у турме, дзе напісаў супербестселер. Новы герой на канале Андрэя Хадановіча — Сяргей Пясецкі і яго славуты раман «Каханак Вялікай Мядзведзіцы».
07.02.2023 / 21:46
Сёння Андрэй Хадановіч расказвае:
- што агульнага ў лёсе пісьменнікаў, якія нарадзіліся 1 красавіка;
- як Пясецкі стаў свядомым антысаветчыкам;
- ці здымаўся Пясецкі ў порна, як гэта робіць яго галоўны герой у кнізе «Жыццё раззброенага чалавека»;
- хто выратаваў пісьменніка ад смяротнага прысуду ў міжваеннай Вільні;
- як Пясецкі выйшаў на волю, дзякуючы літаратуры;
- што такое беларуска-польскі Лас-Вегас у кнізе «Каханак Вялікай Мядзведзіцы»;
- як раман быў адрэдагаваны выдаўцом і чаму гэта моцна раззлавала Пясецкага.
Вось некалькі думак з відэа:
Кніга «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» пішацца ў рэкордна кароткі тэрмін — за 1,5 месяца. Пясецкі не пісаў кнігу за ўтульным пісьмовым сталом, пісаў на падваконні, пісаў на падлозе, пісаў без правак і шліфоўкі, бо гэтага не дазваляў турэмны рэжым. У выніку здараецца цуд. Пісьменнік перасылае Мельхіёру Ваньковічу тэкст. Ваньковіч яго друкуе. У 1937 годзе «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» выходзіць, і ў Польшчы нараджаецца новая славутасць. Выбух сенсацыі такі моцны, што пачынаецца акцыя салідарнасці пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў з Пясецкім. Вызваленне адбываецца. Праз 11 гадоў ён выходзіць на волю, дзякуючы літаратуры, дзякуючы свайму пісьменніцкаму таленту.
Уладзь сталее ў нас на вачах. Спачатку яму цяжка ісці 30-40 кіламетраў. Пасля Рыжскага міру мяжа прайшла праз беларускія землі па жывому — Мінск на тэрыторыі савецкай Беларусі, мястэчка Ракаў — цэнтр кантрабандыстаў па польскай мяжы. Гэта робіць горад прыцягальным. Кажуць, што гэта беларуска-польскі Лас-Вегас. Мястэчка — месца 90 рэстаранаў, казіно і іншых забаўляльных устаноў з публічнымі дамамі ўключна. Усё гэта жыве. Людзі, да якіх лёгка прыходзяць грошы, лёгка з гэтымі грашыма развітваюцца. Плацяць золатам, як сказаў Пясецкі ў прадмове, за музыку, за гарэлку, за ежу і за каханне.
Сяргей Пясецкі не толькі польскі, дарэчы, паўзабыты сёння класік, але і беларускі культурны герой, які якраз у апагеі сваёй славы вяртаецца ў свежых беларускіх перакладах чытачу, разам з той гісторыяй, якую цягне ў сваёй кантрабандысцкай ношцы 30-40 кіламетраў з Ракава ў Мінск і назад, сшываючы ніткамі культуры разрозненую прастору памежжа ў адно — у беларускую прастору, якую мы вяртаем сабе.
Сяргей Пясецкі ў любой сітуацыі выбіраў свабоду, будзьма і мы свабоднымі і незалежнымі. Глядзім разам новае відэа Андрэя Хадановіча пра аднаго з найяскравейшых беларускіх аўтараў Сяргея Пясецкага, ставім падабайкі, каментуем і дзелімся з сябрамі і сяброўкамі.