У Літве затрымалі вельмі буйную партыю беларускіх кантрабандных цыгарэт
Літоўская Мытная крымінальная служба паведаміла пра затрыманне партыі кантрабандных цыгарэт з Беларусі, кошт якой ацэньваецца на амаль 2,6 млн еўра.
07.02.2023 / 17:30
Затрыманне партыі адбылося не на мяжы, а ў Каўнаскім раёне. Там літоўскія мытнікі затрымалі пяць чалавек — чатырох літоўцаў і расіяніна. Яны якраз займаліся разгрузкай.
Усяго былі агледжаныя два грузавікі і тры паўпрычэпы. Высветлілася, што кантрабандныя беларускія цыгарэты ўвезлі ў Літву пад выглядам яблыкаў, якія па дакументах мусілі быць дастаўленыя ў Калінінградскую вобласць Расіі.
Агулам затрымалі 1330 скрынак цыгарэт.