Юны футбаліст у Баранавічах купіў «сляпому» арбітру акуляры. Не ўсе гэта ацанілі

Кур'ёзны выпадак адбыўся на дзіцячым турніры па міні-футболе, які праходзіў у адной са спартыўных залаў у Баранавічах. Адзін з юных футбалістаў вельмі арыгінальна і дасціпна выказаў нязгоду з працай арбітра, піша «Ганцавіцкі час». Але ці варта такое ўхваляць?

06.02.2023 / 21:52

Фота ілюстрацыйнае

Як расказаў у сацыяльных сетках прэс-сакратар футбольнага клуба «Смаргонь» Андрэй Маслоўскі, у сустрэчы дзіцячай каманды гэтага клуба з прадстаўнікамі Баранавічаў вырашалася, хто працягне барацьбу на наступным этапе.

«Апошнія хвіліны гульні з гаспадарамі. 1:1. Наш хлопец выбягае 1 на 1, абводзіць брамніка, але той хапае яго за нагу рукамі і валіць на паркет. Мяч закаціўся за ліцавую.

Суддзя (відавочна мясцовы мужчына) паказвае ўдар ад варот і кажа сакральнае для такіх выпадкаў: «А я не бачыў». Хоць бачылі ўсе ў зале», — піша Андрэй Маслоўскі.

У выніку нічыя вывела баранавіцкую каманду далей, а дзеці са Смаргоні, са слоў Маслоўскага, «забітыя і ў слязах». Ён таксама адзначыў, што

нават трэнер каманды гаспадароў падышоў да суддзі і спытаўся: «Там жа пенальці. Чаго ты?», але арбітр толькі развёў рукамі.

Самае ж цікавае адбылося на цырымоніі ўзнагароджання, якая адбылася па выніках турніру.

12-гадовы брамнік смаргонскай каманды купіў акуляры і папрасіў арганізатараў спаборніцтваў перадаць гэты прэзент для таго самага суддзі, які на цырымоніі не з'явіўся.

«Гэтыя маладыя беларусы часам па-добраму здзіўляюць», — падсумоўвае Андрэй Маслоўскі.

Аднак у каментарыях да гэтай гісторыі разгарнулася дыскусія. Вядомы футбольны агент Валерый Ісаеў пагадзіўся, што «памылка суддзі ў дзіцячым футболе — бяда», але гэта не падстава для такіх паводзін 12-гадовага гульца. 

«Гульня скончаная, усё засталося на полі. Разбірацца з суддзёй не справа футбаліста, тым больш такога юнага», — лічыць Ісаеў.

У адказ карыстальнік Вадзім Камароўскі здзіўляецца: «Калі ты старэйшы, то табе можна ўсё? Дзіўная пазіцыя, калі шчыра. Ці ў вас прэтэнзія менавіта да 12-гадовага, а 18-гадоваму ўжо можна, ці толькі тым, хто адслужыў, ці тым, хто адседзеў? Дзе ў вас мяжа для магчымасці выказацца? Чыста для сябе, чыста зразумець».

На гэтую заўвагу Валерый Ісаеў запярэчыў больш грунтоўна і адзначыў, што заўвагі па паводзінах падлетка больш не футбольныя: тут пытанне выхавання і інтэлекту.

«Мне здаецца, у такім узросце яшчэ можна паўплываць на ўспрыманне свету. Нельга падобнае рабіць у 18, і ў такім узросце гулец можа зарабіць дыскваліфікацыю. Гэта ўжо правілы футбола, этыка, рэгламенты. Так прынята і я з гэтым згодны: пасля свістка гульня скончаная», — напісаў футбольны агент.

І дадаў: «Падобныя падколкі дарэчныя ў двары і ў піянерскім лагеры: хоць, па-мойму, там ужо ў футбол не гуляюць».

Валерый Ісаеў таксама прыводзіць прыклад дзіцячага хакея: «Ці падабаецца вам, як у хакеі лупяць адзін аднаго дзеці і на трыбунах бацькі? Былі вар'яцкія відэа ў сетках беларускіх. Я пра захаванне рэгламентаў і элементарных нормаў».

Тлумачачы сваю пазіцыю, Ісаеў настойвае: калі б такое зрабіў гулец, які ўжо адбыўся, то да яго былі б ужытыя санкцыі. Менавіта гэта трэба данесці юнаму гульцу: «Не думаю, што хлопец рабіў свой падарунак па-добраму».

Але пасля гэтага выказвання дыскусія вакол учынку юнага футбаліста працягнулася. Вось некаторыя меркаванні:

«Хлопец не плакаў, не істэрыў, не лез біцца і даказваць за межамі поля праўду сваю і няпраўду судзейства, а зрабіў тонка, спакойна і (як па мне) прыгожа. Упор на даросласць і абдуманасць».

«Ён жа не пабег на ўзнагароджанні забіваць яшчэ галы і рабіць падкаты. А працэдура ўзнагароджання гэта што? Не частка турніру? А пасляматчавыя інтэрв'ю — гэта не працяг хіба гульні, толькі ўжо за рамкамі прамавугольніка?»

«Дарослы трэнер, напэўна, павінен спакойна растлумачыць, што лепш кіраўніку каманды разбірацца з судзействам. Цяпер гэта мілы жарт, і калі не падказаць, у далейшым могуць быць праблемы».

«Гэта эмоцыі. Іх дарослым трымаць складана, што пра дзяцей казаць, калі на вачах дзеецца самавольства і ніхто нічога зрабіць не можа…»

Nashaniva.com