Расійскаму наёмніку, які выступаў на сцэне з чэрапам азоўца, прастрэлілі галаву
Скандальна вядомы расійскі нацыст Ігар Мангушаў, які выступаў на сцэне, як ён сам сцвярджаў, з чэрапам абаронцы «Азоўсталі», быў цяжка паранены ў патыліцу ў Луганскай вобласці. Пра гэта пішуць прарасійскія тэлеграм-каналы.
04.02.2023 / 16:59
Кадр з відэа
Адзін з расійскіх каналаў паведаміў, што а першай ночы «капітан 4 брыгады 2 Армейскага корпуса 8 арміі УС РФ, камандзір узвода антыБПЛА Ігар «Бераг» Мангушаў быў дастаўлены ў нейрахірургію горада Стаханаў са сляпым агнястрэльным кулявым раненнем у галаву».
Паводле папярэдняй інфармацыі, стрэл быў зроблены з кароткаствольнай зброі, куля, як мяркуецца, 9 мм, з блізкай адлегласці ў патылічна-цемянную вобласць, канал ранення ззаду ўніз пад 45 градусаў.
Верагодна, Мангушаву стрэлілі ў патыліцу з пісталета, і гэта падобна да замаху на яго. Паведамляецца, што «ў інтарэсах следства» дадатковую інфармацыю пакуль не выдаюць.
Стан Мангушава — «стабільна цяжкі, з негатыўнай тэндэнцыяй».
Ігар «Бераг» Мангушаў — расійскі найміт і прапагандыст, удзельнік нацыяналістычнага руху «Светлая Русь», лідар створанай на яго базе ПВК «ЕНОТ».
У жніўні 2022 года Мангушаў выступіў у Данецку на сцэне з чэрапам. Ён заявіў, што гэта чэрап абаронцы «Азоўсталі». У тым жа выступе ён заклікаў да забойства ўкраінцаў, «дэўкраінізацыі» Украіны.