Аўстралія прыбярэ з грошай Лізавету ІІ, а Карла ІІІ змяшчаць не будзе

Рэзервовы банк Аўстраліі прыняў рашэнне аб тым, што замест партрэта новага брытанскага манарха, які ўжо з'явіўся на брытанскіх пластыкавых купюрах, на банкноце ў 5 даляраў з'явіцца малюнак, «які адлюстроўвае культуру і гісторыю аўстралійскіх абарыгенаў».

02.02.2023 / 23:04

Што наконт гэтага рашэння думае сам Карл ІІІ, пакуль невядома. Але наўрад ці яго асабістая думка тут нешта зменіць.

Аўстралія, хоць даўно з'яўляецца цалкам незалежнай ад Вялікабрытаніі, дзяржавай, захавала ў якасці фармальнага кіраўніка брытанскага манарха, які прадстаўлены ў краіне генерал-губернатарам. Аднак улада гэтага манарха чыста сімвалічная, сапраўды кіраўнік краіны — прэм'ер-міністр, на прызначэнне якога кароль не мае ніякага ўплыву.

Увогуле, пасля змены фігуры на брытанскім троне многія чакаюць таго, што дзяржавы брытанскай Садружнасці, дзе аналагічна з Аўстраліяй брытанскі манарх застаецца сімвалічным кіраўніком дзяржавы, будуць адмаўляцца ад гэтага стану. Некаторыя так рабілі і раней (апошні выпадак — Барбадас, які памяняў каралеву на прэзідэнта ў лістападзе 2021 года), але большасць захоўвалі традыцыю ў значнай ступені з павагі да самой Лізаветы ІІ. Яе наступнік такім аўтарытэтам ужо не карыстаецца.

Зрэшты, аблічча Лізаветы II кашалькі аўстралійцаў не пакіне яшчэ доўга. Бо, як паведамілі ў банку Аўстраліі, на распрацоўку дызайну і выпуск новай пяцідаляравай банкноты будзе выдаткавана некалькі гадоў. І ўвесь гэты час у абарачэнне з запасаў банка працягнуць сыходзіць купюры цяперашняга фармату. Акрамя таго, нават пасля ўводу новай банкноты старыя грошы з каралевай працягнуць заставацца законным плацежным сродкам і будуць выводзіцца з абарачэння паступова.

Апрача ўласна Аўстраліі, аўстралійскі даляр з'яўляецца сродкам разліку таксама ў дробных астраўных ціхаакіянскіх дзяржавах Кірыбаці, Науру і Тувалу.

Nashaniva.com