«Я беларус і ненавіджу дранікі»
Onliner.by зрабіў апытанне чытачоў, якія з прадуктаў яны ненавідзяць, або ніколі не каштавалі. Адзін з чытачоў расказаў, што ненавідзіць дранікі і наогул усё з цёртай бульбы.
31.01.2023 / 13:23
Чытач распавёў пра нелюбоў да дранікаў і наогул усіх страў з сырой цёртай бульбы — бабкі, калдуноў, клёцак, цэпелінаў. Дзіўна, але ў любым іншым выкананні бульбу ён есць з задавальненнем. Дарэчы, нянавісць выкліканая не смакам, а фізіялагічным непрыманнем. І зноў тая ж гісторыя — перакармілі ў дзяцінстве, а менавіта ў дзіцячым садзе.
— Кожны, хто чуе пра маю непераноснасць, падколвае мяне на нацыянальнай глебе (як правіла, беларусы ж). Потым адмахваецца і кажа, што я проста не каштаваў смачных дранікаў, клёцак і гэтак далей. А яго дранікі настолькі смачныя, што іх я б сапраўды спакойна еў.
«Аднойчы бацька прымусіў мяне пакаштаваць клёцкі за калядным сталом. Маўляў, гэта любімая страва нашага нябожчыка дзеда, і я проста абавязаны.
Чым скончылася гэта незабыўная вячэра, здагадацца няцяжка», — рэзюмуе чытач.