Былы палітвязень падаў заяву ў СК на прапагандыста Азаронка. Патрабуе завесці справу за распальванне варожасці
Гомельскі валанцёр Ілля Міронаў аднёс заяву ў Следчы камітэт з просьбай адкрыць крымінальную справу ў дачыненні да адыёзнага прапагандыста Рыгора Азаронка.
31.01.2023 / 09:41
Скрыншот відэа СТБ
У тэксце заявы актывіст зазначае, што 18 студзеня 2023 года на сайце праўладнай тэлекампаніі СТВ быў апублікаваны артыкул, які суправаджаецца відэаролікам «Азаронак: крок насустрач тым, хто хоча вярнуцца — гэта сталінскі крок, гэта магутная воля Лукашэнкі», паведамляе «Штодзень».
У гэтым сюжэце Азаронак, на думку аўтара заявы, здзяйсняе дзеянні, скіраваныя на распальванне нянавісці, варожасці, а таксама прыніжэнне годнасці групы асобаў па прыкметах прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы.
Ілля Міронаў патрабуе прыцягнуць да адказнасці Рыгора Азаронка на падставе п. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса РБ.
Паводле беларускага заканадаўства, за распальванне варажнечы прадугледжанае пакаранне да 5 гадоў зняволення.