Новы прэзідэнт Чэхіі збіраецца з візітам ва Украіну
У нядзелю, 29 студзеня, Пэтр Павэл патэлефануе Уладзіміру Зяленскаму і абмяркуе свой візіт ва Украіну, паведамляе тэлеканал ČT24.
29.01.2023 / 11:27
Фота: Petr David Josek / AP
Павэл мае намер наведаць Кіеў разам з прэзідэнтам Славакіі Зузанай Чапутавай.
Пэтр Павэл — натаўскі генерал у адстаўцы. Займае строгую пазіцыю ў дачыненні да расійскага нападу на Украіну, выступае за заходнюю арыентацыю Чэхіі.
Яго супернікам на выбарах быў Андрэй Бабіш — былы прэм’ер-міністр, мільярдэр, цяпер лідар найбуйнейшай апазіцыйнай партыі. Незадоўга да выбараў суд апраўдаў яго ў справе аб махлярстве з датацыямі ЕС.
Павэл набраў у другім туры прэзідэнцкіх выбараў 58% галасоў, Бабіш — каля 42%.
Чэхія — парламенцкая рэспубліка, але фігура прэзідэнта мае вялікі ўплыў.