Найбліжэйшы запіс — канец лютага. Якія краіны і на якіх умовах цяпер выдаюць шэнген
Ці варта спадзявацца на шматразовы шэнген і ці неабходна афіцыйнае пацвярджэнне броні гатэля і трансферу, даведаліся «Мінск-Навіны».
28.01.2023 / 19:33
Іспанія
Падаваць дакументы на іспанскі шэнген давядзецца ў Маскве. Паехаць можна самастойна або даплаціць візавай кампаніі за трансфер да расійскай сталіцы і назад. Пашпарт даставяць у Мінск прыкладна праз два тыдні. Іспанскае консульства не патрабуе афіцыйнага пацвярджэння броні гатэля. Шанец атрымаць шматразовую візу гэтай краіны высокі. Падаць дакументы можна пры канцы лютага.
Харватыя
З пачатку года Харватыя пачала выдаваць турыстычныя візы. Запіс на падачу цяпер вядзецца на сакавік-красавік.
— З тых, каму ўжо вярнуліся пашпарты, літаральна некалькі чалавек сталі шчасліўчыкамі са шматразовым шэнгенам. Варта ўлічыць, што да гэтага ў людзей была вельмі добрая візавая гісторыя, — патлумачылі ў адным з візавых цэнтраў Мінска.
Для таго, каб не атрымаць адмову, неабходнае афіцыйнае пацвярджэнне броні гатэля і трансферу, а для гэтага давядзецца ўнесці перадаплату — часам і ўсю суму за пражыванне і квіткі.
Грэцыя
Сітуацыя з грэчаскім шэнгенам з мінулага года не змянілася. Верагоднасць атрымаць шматразовую візу па-ранейшаму малая, і неабходнасць афіцыйнага пацвярджэння брані не знікла. Радуе толькі тое, што падача дакументаў праходзіць у Мінску. Чакаць пашпарт давядзецца каля двух тыдняў.
Германія
У чалавека, які жадае атрымаць у пашпарт шэнген, ёсць два варыянты: або прадставіць афіцыйна пацверджаную бронь гатэля на час падарожжа, або паказаць дакумент-запрашэнне ў Германію. Але пры падачы чакае нюанс.
— Усё адбываецца ў самім консульстве, давядзецца прайсці невялікую гутарку, — распавяла візавая агентка Кацярына. — Пытаюцца звычайна пра мэту візіту, і ўжо зыходзячы з вашага адказу дыялог атрымлівае працяг. Шмат хто кажа, што едуць глядзець мясцовыя славутасці. Праўда, пасля пытання: «А што вы хочаце ўбачыць?» губляюцца. Мы настойліва раім загадзя прадумаць увесь час знаходжання ў краіне незалежна ад мэты візіту.
Чарга на нямецкі шэнген вялікая, таму чакаць сваю візу давядзецца мінімум да траўня, затое пашпарт вернецца да вас праз тыдзень.
А што з грашыма?
Калі ў 2022 г. 800-900 еўра на банкаўскім рахунку цалкам хапала, то цяпер рэкамендуецца мець не менш за 1000-1200. Нюанс у тым, што рахунак павінен быць дзейным, гэта значыць, грошы на яго не толькі павінны прыходзіць, але і часам сыходзіць. Даведку аб руху сродкаў за апошнія тры месяцы неабходна ўзяць у банку прыкладна за тыдзень да падачы дакументаў на візу.
Консульскі збор складае 35 еўра. Візавы збор вар'іруецца ад 20 да 35 еўра ў залежнасці ад краіны. Пры падачы дакументаў у нямецкім консульстве апошні не аплачваецца.