Італія і Францыя дамовіліся аб сумеснай перадачы Украіне сістэмы СПА SAMP/T
Гэта адзіная еўрапейская сістэма СПА, здольная збіваць балістычныя ракеты.
28.01.2023 / 17:14
Фота: wikimedia.org
Украіне паставяць франка-італьянскую сістэму СПА SAMP/T, здольную збіваць балістычныя ракеты, піша выданне La Stampa. Аб прынятым рашэнні неўзабаве павінны афіцыйна паведаміць лідары Італіі і Францыі.
«Палітычнае рашэнне прынятае. Цяпер удакладняюцца тэхнічныя дэталі, бо сістэма вельмі складаная», — паведамляе выданне са спасылкай на сваю французскую дыпламатычную крыніцу.
Паводле інфармацыі яшчэ аднаго выдання, Il Messaggero, Італія і Францыя таксама дамовіліся аб сумеснай закупцы 700 зенітных ракет Aster-30 коштам 2 млрд еўра, частка з якіх адправіцца ва Украіну ў якасці боепрыпасаў для SAMP/T. Радыус дзеяння такіх боепрыпасаў для перахопу варожых самалётаў складае каля 100 км, а для перахопу варожых ракет — 25 км. Пры гэтым Aster-30 здольныя кантраляваць да 130 розных лятаючых аб'ектаў і адначасова знішчаць да 10 з іх.
Нагадаем, што яшчэ нядаўна стала вядома аб перамовах пра пастаўку адной з найлепшых сістэм СПА ў свеце SAMP/T для патрэб Украіны. Яна здольная знішчаць балістычныя і крылатыя ракеты малой далёкасці, а таксама знішчальнікі і беспілотнікі. Адна такая сістэма каштуе 800 млн еўра.