Орбан назваў Украіну «нічыйнай зямлёй» і параўнаў яе з Афганістанам
Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан зрабіў чарговую скандальную заяву, заявіўшы падчас размовы з журналістамі, што Украіна — гэта «нічыйная зямля», і параўнаўшы яе з Афганістанам. Украінскі МЗС абураны і выклікаў венгерскага пасла.
28.01.2023 / 00:19
«Чарговае грэблівае выказванне Віктара Орбана на адрас Украіны. Такія заявы з'яўляюцца катэгарычна непрымальнымі. Будапешт працягвае курс на свядомае разбурэнне венгерска-ўкраінскіх адносін, істотна падрываючы магчымасць вядзення далейшага дыялогу паміж дзвюма суседнімі краінамі. У МЗС Украіны будзе выкліканы амбасадар Венгрыі для шчырай размовы. Пакідаем за сабой права прыняцця і іншых мер рэагавання», — гаворыцца ў каментарыі прадстаўніка знешнепалітычнага ведамства Украіны Алега Нікаленкі.
На гэтым тыдні Орбан заявіў у размове з невялікай групай журналістаў, нібыта «на Захадзе не разумеюць, што ва Украіне час на баку Расіі».
«Расія — велізарная краіна, і яна можа мабілізаваць вялікую армію. Ва Украіне ўжо заканчваюцца войскі», — сказаў венгерскі прэм'ер, не пацвердзіўшы свае словы якімі-небудзь доказамі. Орбан таксама сказаў, што з'яўляецца «лідарам краіны, якая стаіць на правільным баку гісторыі».
Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан доўгі час крытыкуе пазіцыю Еўрапейскага саюза ў дачыненні да Масквы, заяўляючы, што ўведзеныя супраць яе санкцыі нанеслі шкоду блоку, але не аслабілі Расію і не дапамаглі Украіне. Многія аналітыкі лічаць, што гэтым ён павышае ўласныя стаўкі і дабіваецца істотных саступак ад Еўрасаюза за змякчэнне сваёй пазіцыі. Паколькі Венгрыя — удзельніца Еўрасаюза, а рашэнні там мусяць прымацца аднагалосна, то Орбан мае магчымасць такім чынам мець у руках механізм уплыву.