Міністр абароны Германіі пра пастаўку Украіне самалётаў: Я думаю, што пра гэта не можа быць і гаворкі

Міністр абароны Германіі Барыс Пісторыус у інтэрв'ю газеце Suddeutsche Zeitung выказаўся адносна магчымасці перадачы Украіне сучасных самалётаў-знішчальнікаў. На яго думку, гэта практычна выключана.

27.01.2023 / 20:05

Барыс Пісторыус. Фота: Friedrich Bungert

«Я думаю, што пра гэта не можа быць і гаворкі. Знішчальнікі з'яўляюцца значна больш складанымі сістэмамі, чым баявыя танкі, і маюць зусім іншую далёкасць палёту і агнявую моц. Таму мы б заглыбіліся ў такія вымярэнні, ад якіх я б цяпер вельмі перасцерагаў», — заявіў міністр.

Варта адзначыць, аднак, што падобныя выказванні еўрапейскія чыноўнікі рабілі і пра іншыя віды зброі, выключаючы іх перадачу ці прызнаючы яе малаверагоднай. Але з цягам часу пытанні вырашаліся пазітыўна, чаму спрыяюць вайсковыя перамогі Украіны і практычныя доказы таго, што перададзеныя ўкраінцам заходняя зброя выкарыстоўваецца эфектыўна.

Nashaniva.com