Ва Украіне загінуў беларус-добраахвотнік Эдуард Лобаў
Па інфармацыі «Нашай Нівы», гэта здарылася ўчора, 26 студзеня, у баі пад Вуглядарам.
27.01.2023 / 18:36
Фота: belsat.eu
34-гадовы Эдуард Лобаў ваяваў ва Украіне ад 2015 года, спачатку ў Тактычнай групе «Беларусь».
У Беларусі тэрміновую службу Эдуард Лобаў служыў у дэсанце.
Яго жыццёвы лёс вызначыў арышт у 2010 годзе, калі яго арыштавалі разам з іншым маладафронтаўцам, Змітром Дашкевічам, па сфабрыкаваным палітычным абвінавачванні. Ëн правёў у зняволенні амаль 4 гады, не раз адмаўляўся пісаць прашэнні аб памілаванні на імя дыктатара.
Калі ён выйшаў, яму не давалі жыцця ў Беларусі, і ён перабраўся ва Украіну, дзе далучыўся да змагання супраць расійскай агрэсіі.
Эдуард Лобаў загінуў учора, 26 студзеня, пад Вуглядарам.
Пра гэта расказаў «Нашай Ніве» сябар загінулага, таксама былы палітвязень Аляксандр Малчанаў.
Па словах Малчанава, добраахвотнік з іншымі ваярамі паляваў на танкі з «Джавелінам». Пасля ў бліжнім баі асабіста знішчыў некалькі байцоў праціўніка. Лобаў атрымаў асколачнае раненне, якое стала смяротным.
Эдуард Лобаў апошнім часам служыў у 72-й асобнай механізаванай брыгадзе. Удзельнічаў у вызваленні Кіеўскай вобласці і Чарнобыля ад расійскіх акупантаў. Апошнія некалькі месяцаў ягоная брыгада ваявала пад Вуглядарам, гэта на захад ад Данецка.
Як стала вядома «Нашай Ніве», сям'я хоча пахаваць Эдуарда ў Варшаве. Дата развітання стане вядомая пазней.
Гэта як мінімум ужо 19-ы беларус, які аддаў жыццё за незалежнасць Украіны і Беларусі на ўкраінскай зямлі ад пачатку 2022 года.