Стась Карпаў: Для таго, каб перастаць ненавідзець беларусаў, сярэдняму ўкраінцу спатрэбіцца прыкладна ад 30 секунд да хвіліны
Стась Карпаў напісаў у фэйсбуку пост, «адмыслова адрасаваны тым украінцам, якія маюць сваім абавязкам прыйсці на маю сценачку, каб паабяцаць мне, што «яны» з «намі» будуць «разбірацца» пасля таго, як вайна скончыцца і ў іх нарэшце з'явіцца вольны час».
26.01.2023 / 21:25
Так сталася, што падчас жыцця ў Грузіі я асабліва не завёў блізкіх знаёмстваў з грузінамі. Не завёў блізкіх знаёмстваў з беларусамі (палова маіх знаёмстваў проста пераехала сюды з Беларусі, і мне іх больш чым дастаткова), не завёў знаёмстваў з расейцамі — нават з самымі харошымі з іх.
А вось з кім я завёў блізкія знаёмствы — дык гэта з украінцамі. Пра расейцаў я напішу наступны пост.
А гэты, лічыце, адмыслова адрасаваны тым украінцам, якія маюць сваім абавязкам прыйсці на маю сценачку, каб паабяцаць мне, што «яны» з «намі» будуць «разбірацца» пасля таго, як вайна скончыцца і ў іх нарэшце з'явіцца вольны час.
Дык вось што я вам хачу сказаць.
Магчыма, мне тут трапляліся нейкія недастаткова свядомыя ўкраінцы, ці недастаткова сапраўдныя з вашага пункту гледжання — але ў мяне былі канфлікты з беларусамі, з грузінамі, з казахамі, з расейцамі, нават з туркамі і канадцамі, а з украінцамі, уявіце сабе, не было.
Вам, можа быць, цікава, чаму?
А таму, што для таго, каб перастаць ненавідзець беларусаў, сярэдняму ўкраінцу спатрэбіцца прыкладна ад 30 секунд да хвіліны сутыкнення з гэтым самым патэнцыяльным аб'ектам нянавісці.
Натуральна, вельмі зручна ў тэрапеўтычных мэтах мець пад рукой незабаненую ў фэйсбуку катэгорыю людзей, якім можна заўсёды насраць на галаву. Тым болей, што ўнутры гэтай катэгорыі ёсць унутраная ўпэўненасць у тым, што іх стан і спосаб самапрымянення — гэта нейкая высакародная ахвярная місія. Але, як мне падаецца, гэта несправядліва ў дачыненні да іх.
Да нас.
І адзінае, што вам перашкаджае гэта зразумець — гэта страх пра нас хоць нешта даведацца.
Вам падабаецца паўтараць прыдуманыя ў рашцы крычалкі пра хобітаў, прыдуманыя асабіста светачам расійскага лібералізму Юліяй дарагой Латынінай пад'ё… пра ўставанне на лавачкі. Карацей, вам падабаецца гаварыць словы, не прыходзячы ў прытомнасць, спадзеючыся, што гэтыя словы самі па сабе выпадкова складуцца ў нейкі сэнс.
Пры гэтым, я думаю, калі папрасіць вас сфармуляваць аднахвілінны спіч пра гісторыю Беларусі за апошнія нават не 100, а 30 гадоў — вы паламаецеся на першай жа фразе.
І менавіта гэта вас і павінна засмуціць, бо ў нас ужо ёсць такі народзец, чыя нацыянальная ідэя — генераваць планетарныя цывілізацыйныя аксіёмы без мінімальнага разумення прадмета аналізу.
Дык вось.
Я пазнаёміўся з вялікай колькасцю ўкраінцаў. І ў іх да мяне няма ніякай нянавісці. І да жонкі маёй няма. І наогул да беларусаў няма нянавісці. І яны нават ухітраюцца перажываць за Беларусь, як і мы перажываем за Украіну.
Як вам падаецца — гэта здрада з іх боку?
Адкуль унутры вас узялася нянавісць да Ціханоўскай? Адкуль пад інтэрв'ю з Вячоркам, які дае яго на цудоўнай украінскай (!) мове, найбольшая колькасць украінскіх каментаў — пра тое, што яго, аказваецца, ненавідзяць усе беларусы і нават ваяры палка Каліноўскага? Што вы яшчэ ведаеце пра нас? Акрамя нашых думак?
Мае ўкраінскія сябры расказваюць пра нас сваім блізкім, і тыя ім не вераць. Мае сябры расказваюць сваякам, што мы сябруем, сустракаемся, швэндаемся па Аджаршчыне туды-сюды. А тыя не разумеюць, як гэта магчыма.
Бо вакол іх няма беларусаў. І няма жадання ведаць нешта пра беларусаў. Палова замшэлага Кіркорава цікавейшая, чым мы ўсе разам узятыя.
Беларус — наогул гэта нешта сярэдняе паміж наборам пікселяў і каларадскім жуком. Беларусы — яны там, на бульбяных палях у Лукаляндыі, ляжаць на спіне і варушаць ножкамі ў лужыне пестыцыдаў.
Такім чынам, вельмі зручна атрымліваецца:
беларусы не маюць свядомасці, як рускія, у іх няма гісторыі, як у рускіх, у іх няма ніякіх жаданняў і інтарэсаў, як у рускіх. Беларусы проста здрадзілі. Гэта ўсё, што яны зрабілі, высунуўшыся з бязвеснасці, з бесчасоўя 24-га лютага 2022 года з чорнай дзіркі на мапе.
Наогул, у іх няма біяграфіі і асобаў. А значыць, ім не крыўдна і не балюча. І вы, канечне, з імі разберацеся. Калі рукі дойдуць. Калі вашыя пікселі паляцяць на нашыя пікселі. І на бульбяныя палі.